Музей Беларускага Палесся арганізуе выставы аднаго экспаната



Музей Беларускага Палесся ў Пінску арганізуе серыю выстаў аднаго экспаната ў 2018 годзе, паведаміў загадчык навукова-асветніцкага аддзела музея Валерый Кобрынец. Праект называецца „За кулісамі музея”.

„Фонды музея багатыя – толькі ў асноўным фондзе налічваецца больш за 70 тыс. прадметаў. Ёсць рэчы ўнікальныя, некаторыя захаваліся ў адзіным экзэмпляры на тэрыторыі Беларусі. Таму і нарадзілася ідэя паказаць гэтыя прадметы як жыхарам Пінска, так і гасцям горада, – растлумачыў загадчык аддзелам музея. – У гэтым годзе пройдзе серыя выстаў аднаго экспаната. Яны будуць кароткатэрміновыя, ня больш за тыдзень „.

Першая такая выстава адкрыецца ў зале гарадскога побыту музея ўжо сёння. Аж да 31 студзеня наведвальнікам прадставіцца рэдкая магчымасць убачыць адзіны захаваны на тэрыторыі Беларусі экзэмпляр помніка юрыдычнай думкі Заходняй Еўропы, Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай XIII-XVI стагоддзяў. Гаворка ідзе пра прававы зборнік са зборам двух законаў – Саксонскага люстэрка і Магдэбургскага права. Кніга была надрукаваная ў Львове ў 1581 годзе Паўлам Шчэрбічам. Характэрна, што менавіта ў студзені таго ж года Пінск атрымаў грамату на самакіраванне.

Не менш цікавая і гісторыя з’яўлення гэтага экспаната. У фонды музея кніга паступіла амаль 50 гадоў таму. Яна была знойдзена ў царкве вёскі Кошэвічы Пінскага раёна, куды яе раней прынёс жыхар вёскі Охава. Здатчыку заплацілі 8 рублёў. Спецыяльная камісія прызнала, што прадмет уяўляе вялікую гістарычную каштоўнасць.

Старадаўні фаліянт у скураной вокладцы, выкананы гатычным шрыфтам, нядрэнна захаваўся: трохі пашкоджаны пачатак зборніка, адсутнічае першая ілюстрацыя, прысвечаная Саксонскаму люстэрку. Фактычна гэта будзе прэм’ера кнігі як экспаната. Плануецца, што ў гэтым годзе ў галоўным пінскім музеі адбудзецца не менш за чатыры выставы аднаго экспаната. У наступным годзе праект „За кулісамі музея” мяркуецца працягнуць, але ўжо ў новым фармаце.

belta.by