Музей гісторыі польскіх габрэяў загаварыў па-беларуску



Беларуская стала адзінаццатай мовай аўдыёгідаў у адным з найлепшых музеяў Еўропы. Беларусы цяпер могуць слухаць інфармацыю на роднай мове падчас наведвання варшаўскага Музею гісторыі польскіх габрэяў ПОЛІН.

Беларускамоўны аўдыёгід урачыста прэзентавалі дырэктар установы, а таксама амбасадар Беларусі ў Польшчы Аляксандр Авяр’янаў:

– Не да нас прыйшлі, а мы прыйшлі з такой прапановай. І знайшлі людзей, якія гэта зрабілі. Іншыя мовы былі, а беларускай не было. І мы зрабілі так, каб у гэтым папулярным музеі з’явілася беларуская мова.

У сваю чаргу дырэктар музею Дар’юш Столя зазначыў, што ў апошні год лічба наведвальнікаў з Беларусі значна ўзрасла. Апроч гэтага, экспазіцыі музею распавядаюць таксама пра гісторыю беларускіх габрэяў, таму арганізацыя беларускамоўнага гукавога суправаджэння сапраўды мела патрэбу:

– Першая прычына заключаецца ў тым, што расце колькасць нашых гасцей. А другая прычына – гістарычная. Бо гісторыя габрэяў, якую мы распавядаем, уключае ў сябе і тэрыторыю сучаснай Беларусі. Беларусь, Літва, Расея, Польшча – гэта падстава гістарычная і сімвалічная.

Музей гісторыі  польскіх габрэяў ПОЛІН з’яўляецца адным з найбольш папулярных музеяў у Варшаве. Гэтак за тры гады існавання сталую выставу наведала больш за мільён чалавек.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара і Muzeum POLIN