Музею беларускага Палесся сёлета – 90 гадоў



Сёлета Музей беларускага Палесся, які месціцца ў Пінску, адзначае свае 90-ыя ўгодкі. Гэта адзін са старэйшых музеяў у Беларусі, які не прыпыняў працу нават у час вайны. Яго стваральнік – польскі гісторык, археолаг Раман Гарашкевіч, які пасля Другой сусветнай вайны пераехаў жыць у польскі горад Аполе. Гарашкевіч усё жыццё ўзгадваў Пінск, і дзякуючы яму ў польскім друку з’явіліся дзясяткі навуковых публікацый, прысвечаных гораду над Пінай.

Гісторык-краязнаўца Эдвард Злобін чакае шмат цікавых мерапрыемстваў з нагоды юбілею:

 — Гэта найстарэйшы музей на тэрыторыі Берасцейскай вобласці і таксама адзін з найстарэйшых і працуючых са дна заснавання, на тэрыторыі Беларусі. Гэта, вядома, юбілей з часу адкрыцця, але музей быў заснаваны ў 1924 годзе, і нават былі перадумовы для адкрыцця музея ў Пінску ў 1910 годзе. Але год толькі пачынаецца і я думаю, што будзе шмат цікавай інфармацыі адносна такога значанага юбілею для вельмі цікавага музея.  

У фондах Музея беларускага Палесся захоўваецца амаль 70 тысяч экспанатаў асноўнага фонду, і больш за 15 тысяч – навукова-дапаможнага фонду. Музей дае магчымасць пазнаёміцца з гісторыяй рэгіёну: ад першабытных часоў –  да сённяшняга дня.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя