Музычныя вечары ў культурнай сталіцы



Суботнія вечары гэтым летам у Бабруйску аздобленыя музыкай. Гарадскія вечарыны на адкрытым паветры запачаткавала стваральніца антыкавярні 1387 Наталля Халанская ды кавярня „Кава саўнд” ля якой і адбываюцца імпрэзы.

„Такога фармату імпрэзаў, калі гараджане проста ў суботу вечарам шпацыруючы па горадзе могуць спыніцца ды паслухаць музыку тут раней не было. На гэтае лета ў нас засталася фінальная імпрэза 26 жніўня, на якой будуць выступаць самі бабруйчане. Гэта добрая магчымасць зрабіць свой горад больш музычным і сяброўскім адзін для аднаго”, – адзначае арганізатарка.

Цягам летніх месяцаў Бабруйск ужо наведалі гурты з розных гарадоў краіны, а днямі да іх далучыўся Сяржук Башлыкевіч, лідар гурта Leibonik ды ўдзельнік сёлетняга фестываля Басовішча:

„Бабруйск заўсёды цёпла і энергетычна мяне прымае. Тут я выступаю ўжо не першы раз. А ў такім вулічным фармаце няма акадэмічнасці, гэта не канцэрт у залі. Вельмі ўражвае, што мінакі, які проста праходзяць побач па сваіх справах раптам спыняюцца і далучаюцца да імпрэзы”.

Падчас імпрэзы была зладжаная таксама і раздача паштовак „Бабруйскія гісторыі”. Поўны камплект з дванаццаці штук атрымалі тыя, хто правільна адказаў на пытанні пра гісторыю горада.

„Прыходзіш сюды, атрымліваеш станоўчыя эмоцыі. Гэтыя суботнія вечары – глыток свежага паветра для горада. Таксама спадзяюся на тое, што нашыя паштоўкі натхняць гараджан рабіць іншую сувенірную прадукцыю пра Бабруйск, якая будзе сапраўды цікавая і новая”, – распавядае аўтарка праекта „Бабруйскія гісторыі” Алеся Лацінская.

Арганізатары музычный вечароў у Бабруйску заклікаюць гараджан падаваць заяўкі і далучацца да выступаў на фінальнай імпрэзе лета дваццаць шостага жніўня. Яны спадзяюцца, што летнія музычныя выступы надалей стануць традыцыйнымі для горада.

Падрабязней у далучаным файле:

Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Бабруйск