Мядовы Спас адсвяткуюць на Блакітнай крыніцы ў Слаўгарадзе



Свята мядовага Спаса адзначаць на Блакітнай крыніцы ў Слаўгарадзе 13-15 жніўня. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Слаўгарадскім райвыканкаме.

«Адкрые свята міжрэгіянальны велафестываль. Для ўдзельнікаў падрыхтавалі веламаршруты: Блакітная крыніца – в.Крамянка – Блакітная крыніца і Блакітная крыніца – в.Благадаць – в.Дубна – Блакітная крыніца. У час круглага стала ўдзельнікі абмяркуюць перспектывы развіцця велатурызму ў Слаўгарадскім раёне», – расказалі ў райвыканкаме.

На працягу трох дзён каля Блакітнай крыніцы будзе праходзіць вялікая выстаўка-продаж, дзе госці змогуць набыць мёд і сыр мясцовай вытворчасці, вырабы майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, харчовыя і прамысловыя тавары. У час мядовага Спаса арганізуюць атракцыёны для дзяцей, пракат веласіпедаў і байдарак для дарослых. Для тых, хто зацікавіцца гісторыяй помніка прыроды, пройдуць тэматычныя экскурсіі.

«Увечары 13 жніўня для вернікаў на крыніцы пройдзе служба. Другі дзень пачнецца раніцай каля капліцы: тут адбудзецца малебен з акафістам, Боская літургія, хрэсны ход з асвячэннем вады, мёду і лекавых траў. Пасля гэтага ўсім жадаючым прапануюць правесці абрад хрышчэння», – расказалі ў райвыканкаме.

У гэты ж дзень, 14 жніўня, пройдзе 7-е рэгіянальнае свята-конкурс «Спас – усяму час». Яго ўдзельнікамі стануць фальклорныя і вакальныя ансамблі з розных абласцей Беларусі. На спецыяльнай пляцоўцы гасцям раскажуць аб турыстычных маршрутах, аграсядзібах, мясцовых фестывалях і святах.

У трэці дзень свята адбудзецца эка-этнафестываль «Песні аб крыніцах», дзе вакальныя і інструментальныя калектывы выканаюць кампазіцыі, прысвечаныя і звязаныя з вадой.

«Нягледзячы на тое, што ў сучасным свеце многія традыцыі і святы забыты або страцілі сваю актуальнасць, свята мядовага Спаса ў нас любяць і адзначаюць, стараючыся аднавіць тыя традыцыі і абрады, якія прыйшлі ад продкаў, – расказалі ў райвыканкаме. – Штогод да Блакітнай крыніцы, паводле самых сціплых падлікаў, прыязджаюць да 50 тыс. паломнікаў. Вада тут лічыцца гаючай і з’яўляецца эталонам чысціні. Абрад шанавання крыніцы ўнесены ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі».

БелТА