Расейская „Фабрыка” для „Дажынак” у Капылі будзе каштаваць 61 580 рублёў



18 верасня ў Капылі прайдуць абласныя «Дажынкі». Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал BY_CULTURE. Хэдлайнерам святочнага канцэрту стане папулярны ў 2000-я расійскі гурт «Фабрыка». Іх гаранар — самы вялікі пункт расходаў на свята. Каб прывезці іх, патрэбна 61 580 рублёў. Менавіта такі тэндар з’явіўся на сайце дзяржзакупак.

На канцэрце таксама выступяць Аляксандр Саладуха (яго ганарар — 2600 рублёў), Алена Ланская (1700 рублёў), Герман Цітоў (3000 рублёў). Вядучай «Дажынак» будзе Паліна Шуба — на аплату яе паслуг закладзена 1500 рублёў.

Агулам на арганізацыю свята ў Капылі (ганарары артыстаў, пашыў касцюмаў, афармленне сцэны) плануюць  патраціць больш за 103 тысячы рублёў бюджэтных грошай. Летась на святкаванне абласных «Дажынак» у Чэрвені патрацілі 53,6 тысячы рублёў.

Нагадаем, да 2015 года ў Беларусі праводзіліся рэспубліканскія «Дажынкі». Аднак пасля свята ўраджаю сталі праходзіць у кожнай вобласці асобна.