На Глыбоччыне ізноў „жанілі Цярэшку”



Трэці год запар Глыбоцкая суполка грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя журналістаў” ладзіць старадаўняе беларускае ігрышча “Жаніцьба Цярэшкі”. У гэтым годзе на Глыбоччыне ў абрадзе паўдзельнічалі не толькі мясцовыя жыхары ды беларусы з суседніх гарадоў, але і госці з Расеі ды Амерыкі. Сама ж імпрэза праходзіла на беларускай аграсядзібе “Родны кут”.

Як кажуць удзельнікі свята, у  ігрышчы з такой вялікай колькасцю разнастайных беларускіх танцаў ды спеваў удзельнічаць адно задавальненне.

– Пра “Жаніцьбу Цярэшкі” мне расказала маці. Яна нарадзілася яшчэ да вайны. Сам удзельнічаю ўпершыню. Вельмі спадабалася. У наступным годзе прыйду абавязкова.

– Мы былі і ў мінулым годзе, і ў пазамінулым. Сёлета нам вельмі-вельмі спадабалася. І арганізавана вельмі добра было.

Паводле арганізатараў свята, ігрышча “Жаніцьба Цярэшкі” яны пачалі адраджаць на Глыбоччыне, бо калісьці гэта быў вельмі папулярны абрад у іх мясцовасці. Потым традыцыя была перарваная. Цяпер жа гэтым пачало цікавіцца ўсё больш мясцовых людзей ды ўладальнікаў аграсядзіб. Таму арганізатары ўпэўненыя, што  ігрышча будзе пашырацца ў раёне і захапляць сваёй самабытнасцю аматараў беларускай культуры.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара