На Лепельшчыне адгулялі “Жаніцьбу Цярэшкі”



“Жаніцьбу Цярэшкі” адгулялі ў пяці вёсках Лепельшчыны.  Гэты калядны  абрад здаўна існуе на Віцебшчыне, але толькі на Лепельшчыне гульня захавалася ў аўтэнтычным выглядзе. Яна ўяўляе сабой вясельна-тэатральную дзею, у якой спалучаюцца тэатр, спевы, танцы, музыка, імправізацыя.

cjareshka-19

Як кажа арганізатар свята ў вёсцы Вялікі Поўсвіж,  мясцовы жыхар Васіль Шкіндзер, сутнасць гульні заключаецца ў магчымасці для ўдзельнікаў праявіць сваю прыхільнасць да знаёмства, знайсці сабе пару.

– Цярэшка – Бог шлюбу і плоцкага кахання, апякун моладзі і шлюбных пар. У гонар гэтага паганскага бога і праводзіцца абрад “Жаніцьба Цярэшкі”. У абрадзе дазваляецца ўдзельнічаць любому чалавеку: ў шлюбе ці адзінокаму, маладому ці ў сталым веку.

“Жаніцьба Цярэшкі” – адна з найбольш цікавых этнічных формаў каляднага ігрышча моладзі. Там няма гледачоў і выканаўцаў, усе з’яўляюцца ўдзельнікамі. Часта пары-ўдзельніцы гэтай гульні потым спраўляюць сапраўднае вяселле. Абрад уключаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара