На Лепельшчыне святкуюць Купалле



Традыцыйнае народнае свята “Купалле” адзначылі ў некалькіх месцах Лепельшчыны. Аматары гарадскіх гулянняў наведалі свята каля возера Святое. А вось знаўцы язычніцкага абрада запрасілі лепельцаў на свята ў вёску Верабкі. Там сабралася каля пяцідзесяці чалавек, якія спявалі, танчылі і карагодзілі разам з аматарскім фальклорным калектывам “Рэхта”.

Як кажа адзін з арганізатараў свята і ўдзельнік гурта “Рэхта” Васіль Шкіндзер, яны ладзяць свята кожны год і выкарыстоўваюць пры гэтым мясцовыя песні, сабраныя падчас фальклорных экспедыцый.

– У нас атрымліваецца, што Купалле мы праводзім на новым месцы. І кожнае месца дабаўляе свой каларыт.  Усе людзі такія апантаныя прыязджаюць. Гэта нашае свята, з пакон вякоў яно праводзілася. Не надуманае. Думаю, што гэта самае галоўнае свята на нашай тэрыторыі ў беларусаў.

Падчас свята выступіла і вядомая ў Беларусі этнаспявачка і вакалістка гуртоў KRIWI і “Джамбібум” Наста Хмель. Яна разам з дзецьмі з археалагічнага летніка выканала некалькі беларускіх музычных кампазіцый пад гукі бубнаў, барабанаў і беларускай дудкі.

7 ліпеня адзначыць “Купалле” а 20.00 запрашае на Лепельшчыне і Бярэзінскі біясферны запаведнік. У праграме свята ігрышчы, танцы, пачастункі па старых традыцыях, сустрэча з міфалагічнымі персанажамі і наведванне музея.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя