На Лідчыне адзначылі 100-годдзе Віктара Ярмалковіча



У аграсядзібе “Гасціна” ў Лідскім раёне прайшла вечарына ў памяць пра гісторыка, краязнаўцу, дзеяча беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віктара Ярмалковіча, 100-годдзе з дня нараджэння якога адзначаецца днямі. Да юбілею беларускага патрыёта партыяй БХД быў выпушчаны адмысловы буклет. А пра яго жыццё і дзейнасць прысутным на імпрэзе гасцям з Лідчыны і Гародні распавёў сустаршыня Хрысціянска-дэмакратычнай партыі Павел Севярынец.

– Віктар Ярмалковіч, якому споўнілася 100 гадоў, – гэта краязнаўца, які напісаў кнігі пра тры раёны: Шчучынскі, Івейскі і Лідскі. Гэта чалавек, які сядзеў у ГУЛАГу і Картуз-Бярозе, які ахвяраваў сабой за Беларусь і Бога. Таму мы, канешне, будзем спрабаваць надаць імя Віктара Ярмалковіча і вуліцы ў Лідзе, і паспрабуем ушанаваць яго памяць у касцёлах, сярод каталікоў.

Віктар Адамавіч Ярмалковіч скончыў Віленскую беларускую гімназію, затым Віленскі ўніверсітэт імя Стэфана Баторыя. Уваходзіў у Беларускі студэнцкі саюз, Беларускую хрысціянскую дэмакратыю, супрацоўнічаў з газетай «Крыніца», часопісам «Хрысціянская думка». За сваю актыўную грамадскую дзейнасць неаднаразова быў арыштаваны як польскімі, так нямецкімі і савецкімі ўладамі. Прайшоў канцлагер у Картуз-Бярозе, а таксама лагеры Іркуцкай і Кіраўскай абласцей у Расеі.

[Not a valid template]

Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя, Ліда

Фота аўтара