На магіле Міхася Чарняўскага ўрачыста адкрылі помнік (абноўлена)



Напярэдадні другіх угодкаў смерці славутага беларускага археолага і пісьменніка Міхася Чарняўскага на яго магіле адкрылі помнік. З гэтай нагоды ў веску Круці Мядзельскага раёну прыехаў цэлы аўтобус удзельнікаў урачыстасці. Сярод іх паэт і журналіст Міхась Скобла:

– Даволі шматлікая грамада ўдзельнічала ва ўрачыстасці, цэлы аўтобус прыехаў з Менску. Вельмі прыгожы, адпавядаючы сутнасці Міхася Чарняўскага, помнік усталяваны на магіле, з барэльефам Чарняўскага і факсімільным надпісам “Беларусь перадусім”. Мне здаецца, калі ў двух словах паспрабаваць выказаць сутнасць Чарняўскага, дык гэта як раз тыя словы, якія падыходзяць у дадзеным выпадку.

Памінальны малебен ля магілы Міхася Чарняўскага адслужыў грэка-каталіцкі святар Яўген Усошын. На ўрачыстасці выступілі Уладзімір Арлоў, Валеры Мазынскі, Анатоль Сідарэвіч, Мікола Лавіцкі. Скончылася мерапрыемства памінальнай вячэрай у хаце Чарняўскіх.

* * *

Напярэдадні другіх угодкаў смерці славутага беларускага археолага і пісьменніка Міхася Чарняўскага на яго магіле ўсталююць помнік. Дзеля гэтай урачыстасці ў веску Круці Мядзельскага раёну выехала група прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі – літаратары, гісторыкі, грамадскія дзеячы. Сярод іх – пісьменнік Уладзімір Арлоў:

– Сёння, напярэдадні другіх угодкаў дня, калі завяршыўся зямны шлях нашага выдатнага гісторыка, літаратара, грамадскага дзеяча Міхася Чарняўскага, на могілках у яго роднай вёсцы Круці на Мядзельшчыне будзе ачынены надмагільны помнік, створаны скульптарам Алесем Шатэрнікам.

Міхась Чарняўскі разам з Уладзімірам Караткевічам і Зянонам Пазьняком у 70-х быў удзельнікам Клуба вольнадумнай беларускай інтэлігенцыі «Акадэмічны асяродак». Клуб разграміў КДБ ў 1973-74 гадах. Быў звольнены з працы, зазнаў пераслед спецслужбаў. Менавіта Міхасю Чарняўскаму даручыла Ларыса Геніюш схаваць да лепшых часоў свае мемуары “Споведзь”.

Васіль Кроква, фота Беларускага Радыё Рацыя