На Піншчыне дамагаюцца ўшанавання памяці Любові Тарасюк



На Піншчыне не пакідаюць спробу годным чынам ушанаваць імя даследчыцы, літаратурнага крытыка Любові Тарасюк. Яшчэ два гады таму жыхары вёскі Пінкавічы выказалі ініцыятыву, каб імя слыннай зямлячкі займела мясцовая бібліятэка, але справа зацягнулася.

Цяпер ідэю падхапіла грамадскае аб’яднанне “Садружнасць Палесся” і рыхтуе адпаведны зварот, кажа сакратар аб’яднання Ігар Салавей:

– Любоў Тарасюк мае значэнне не толькі для нашага рэгіёну. За 30 год педагагічнай дзейнасці ў БДУ яна выхавала не адну знакавую для беларушчыны постаць. Напрыклад, Міхась Скобла і Сяргей Кавалёў. Неабыякавы да постаці Любові Тарасюк і легендарны прафесар, гісторык Адам Мальдзіс. Таму для нас гэтая тэма справа гонару, і мы працягваем дасягаць нашай мэты.

Любоў Тарасюк каля 30-ці гадоў працавала ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, дзе атрымала званне дацэнта. Аўтарка двухста навукова-метадычных прац для беларускіх навучальных устаноў. Уваходзіла ў Раду Таварыства беларускай мовы, рэдкалегію часопіса “Маладосць” ды з’яўлялася ганаровым чальцом Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. У навуковае жыццё яе вывелі Ніл Гілевіч і Васіль Быкаў.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя