Новы фармат „Славянскага кірмашу ў Віцебску” (дапоўнена)



Сёння а 22-й гадзіне беларускага часу пачнецца першы канцэрт фіналу 23-га Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2014”, які адбываецца ў рамках фестывалю “Славянскі кірмаш”.

Паведамляе галоўны рэдактар інтэрнэт-выдання “Народныя навіны Віцебска” Сяржук Серабро:

-У першы дзень канкурсанты будуць спяваць з аркестрам Фінберга песні славянскіх кампазітараў. А ў заключны, другі, дзень, калі ўжо па-сутнасці вызначыцца пераможца, будуць спяваць сусветны хіт пад “мінусоўку”, што трошкі лягчэй і дазваляе больш дзейнічаць на сцэне.

Сёння падчас другога аддзялення конкурснага канцэрта выступяць ужо вядомыя спевакі з розных краін, сярод іх і пераможца “Еўрабачання-2009” прадстаўнік Нарвегіі, які нарадзіўся ў Менску, Аляксандр Рыбак.

* * *

„Славянскі кірмаш у Віцебску” выйдзе на самаакупнасць у 2016 годзе. Пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі, прысвечанай адкрыццю XXIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў „Славянскі кірмаш у Віцебску”, віцэ-прэм’ер і старшыня арганізацыйнага камітэта фестывалю Анатоль Тозік. Пакуль жа, паводле яго слоў, акупнасць складае каля 77%. Пры бюджэце „Славянскага кірмашу” ў памеры 43 мільярды рублёў сёлета плануецца выручыць 34.

Паводле галоўнага рэдактара інтэрнэт-выдання “Народныя навіны Віцебска” Сяржука Серабро, фармат фестывалю пачаў мяняцца ўжо ў мінулым годзе – ён стаў больш сціслым.

– Па-сутнасці, фармат “Славянскага кірмашу” змяніўся яшчэ ў мінулым годзе пасля сыходу Баса Радзівона Міхайлавіча. Гэта, безумоўна, звязана не толькі са зменай кіраўніцтва, але і з той новай канцэпцыяй, якую прад’яўляе для „Славянскага кірмашу”, я так разуме, Міністэрства культуры. Мерапрыемства стала больш сціслым, працягласць афіцыйнай часткі нашмат скарацілася – усяго 4 ці 5 дзён атрымліваецца, і яшчэ канцэрты ідуць на два ні раней і на два дні пазней.

Як паведаміў дырэктар фестывалю Аляксандр Сідарэнка, пакуль выручка ад продажу квіткоў дасягнула 26 млрд. рублёў, але продаж працягваецца, большая частка квіткоў забраніравана.

* * *

На міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі кірмаш у Віцебску” адбыўся паўфінал конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні „Віцебск-2014”. Сёлета ў конкурсе ўдзельнічае 21 выканаўца з 19 краін свету. Беларусь прадстаўляе 23-гадовы спявак Артур Міхайлаў з Маладэчна.

Паведамляе галоўны рэдактар інтэрнэт-выдання “Народныя навіны Віцебска” Сяржук Серабро:

– Трохі памяняўся сам конкурс. Сёлета ўжо з’явіўся паўфінал. Удзельнічаў 21 канкурсант, прайшлі ў фінал 15. Беларусь, Расея, Украіна прайшлі. Вельмі моцныя спевакі з Балгарыі, Сербіі. Украінская спявачка вельмі яскравая сёлета.

З 21 удзельніка падчас паўфінала было адабрана 15 фіналістаў: Артур Міхайлаў (Беларусь), Моніка Карагенава (Балгарыя), Дзяіна Голбі (Ізраіль), Мархаба Сабіева (Казахстан), Шарлот (Куба), Емілс Балцэрыс (Латвія), Мілда (Літва), Дзімітар Анданоўскі (Македонія), Радрыга дэ ла Кадэна (Мексіка), Віталіе Негруца (Малдова), Злат (Расея), Алекса Пяровіч (Сербія), Вераніка Дораш (Украіна), Дзіна (Харватыя) і Томас Кольк (Эстонія).

Сёння і заўтра адбудуцца два фінальныя этапы: у першы дзень удзельнікі конкурсу выканаюць кампазіцыі на адной са славянскіх моваў усуправаджэнні аркестра, а ў другі— сусветны хіт пад фанаграму „мінус 1”.

Журы конкурсу ўзначальвае заслужаны дзеяч мастацтваў Расеі Кім Брэйтбург.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя