На Слонімшчыне рэалізаваны праект „Вяртанне да вытокаў”



У вёсцы Азярніца Слонімскага раёна завяршылі рэалізацыю праекта “Вяртанне да вытокаў”, які рэалізоўвалі Еўрапейская Асацыяцыя мясцовай дэмакратыі “ALDA” і аддзел культуры Слонімскага райвыканкама. Месцам рэалізацыі праекта стаў філіял “Азярніцкая сельская бібліятэка” ДУК “Слонімская раённая бібліятэка імя Якуба Коласа”. Каардынатарам праекта быў юрыст Андрэй Завадскі.

Дзякуючы праекту створана этнаграфічная экспазіцыя “Спадчына Азярніцы” у Азярніцкай сельскай бібліятэцы. Яе склалі старыя рэчы з асабістых архіваў вяскоўцаў: ручнікі, сурвэткі, пралкі, чыгункі, маслабойкі і г.д. Была ўпарадкавана сцэнічная пляцоўка для правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў на тэрыторыі каля бібліятэкі.

Сума праекта невялікая, але, дзякуючы ёй, ажыццёўлена добрая справа на карысць вяскоўцаў і іх бібліятэкі.

Завяршыўся праект у вёсцы Азярніца мерапрыемствам “Радзімы кут, дзе маю гонар жыць”. Добрыя словы пра праект і пра тых, хто дапамагаў яго рэалізоўваць, распавядалі старшыня Азярніцкага сельскага Савета Ганна Пяцько, начальнік аддзела культуры Слонімскага райвыканкама Галіна Данільчык, каардынатар праекта Андрэй Завадскі. Пісьменнік Сяргей Чыгрын расказаў пра тых знакамітых людзей, якія нарадзіліся ў Азярніцы і ў суседніх вёсках. З яго прыватнага архіва была арганізавана выстава “Азярніцкі край на старых фотаздымках”.

Дарэчы, выставаў у той дзень каля бібліятэкі было шмат. Усе ўдзельнікі свята з цікавасцю пазнаёміліся з выставай ручнікоў вяскоўцаў, паспрабавалі тыя ласункі, якія выпеклі мясцовыя жыхары. А Міхась Шуляк прынёс і паказаў уласную выставу розных камянёў, якія ён адшукаў на тэрыторыі свайго краю.

Усё мерапрыемства ў Азярніцы беларускімі песнямі аздобіў народны ансамбль “Славяначка”.

Альжбета Руніцкая, Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён

Фота аўтара