На ютубе выйшаў новы выпуск праекта прысвечанага нацыянальнаму строю



На ютубе выйшаў новы выпуск праекта, які раскрывае хараство беларускага нацыянальнага строю ў сённяшніх рэаліях. Паглядзіце, як стылёва выглядаюць сучасныя дзяўчаты ў старажытных касцюмах, што насілі нашыя продкі тры стагоддзі таму.

Другі выпуск – экскурс у Маларыцкі край.

У відэа пабачыце, як апраналіся беларускі, якія жылі ў вёсках Хаціслаў, Гвозніца і Збураж. Даведаецеся, як называецца тая ці іншая дэталь касцюма. Атрымаеце эстэтычнае задавальненне ад таго, якія ж неймаверна прыгожыя нашыя дзяўчаты ў традыцыйным строі.

Праект «Традыцыйны строй» – гэта першая анлайн-энцыклапедыя аўтэнтычных традыцыйных строяў Беларусі. Дзякуючы праекту вы даведаецецся, як апраналіся нашы продкі ў розных рэгіёнах краіны. Пабачыце, што нацыянальнае адзенне беларусаў адрознае не толькі ад адзення славянскіх суседзяў, але і ў межах самой Беларусі мае значныя асаблівасці. А таксама дазнаецеся пра глыбінныя сэнсы, якія нясе ў сабе кожны элемент традыцыйнага строю.

Наступныя відэа будуць публікаваць на ютуб-канале ЭтнаТрадыцыі. Можаце ўжо паставіць званочак на ютубе, каб не прапусціць. Сам праект рэалізоўваецца на беларускай і англійскай мовах, што дазволяе дзяліцца беларускай нацыянальнай прыгажосцю з сябрамі-замежнікамі.

Праект рэалізуецца ўстановай «ЭтнаТрадыцыя» сумесна з Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.

Паводле прэс-рэлізу