Надрукаваны сёмы нумар “Новага замка”



У Менску ў выдавецтве “Кнігазбор” свет пабачыў сёмы выпуск літаратурнага альманаха пісьменнікаў Гарадзеншчыны “Новы замак”.

Галоўны рэдактар і ўкладальнік выдання Янка Трацяк адзначыў, што ўпершыню альманах выйшаў на 277 старонках, а гэта на трыццаць пяць старонак больш, чым ранейшыя. “ У альманаху шмат надрукавана твораў новых аўтараў, якія жывуць у Прынёманскім краі ці родам з Гарадзеншчыны, а гэта – Святлана Адамовіч, Ганна Крофта, Раіса Раманчук, Таццяна Яцук, Таццяна Валенцік, Надзея Чукічова і іншыя. Пашырылася і колькасць літаратурных рубрык. Нумар, лічу, атрымаўся разнастайным і цікавым”, — сказаў Янка Трацяк.

Сапраўды, “Новы замак”гарадзенскіх літаратараў парадуе не толькі аўтараў, але і чытачоў. Бо ў ім ёсць што пачытаць, пачынаючы ад прозы старога горада Віктара Варанца да хронікі літаратурнай Гарадзеншчыны за 2018 год, якую падрыхтаваў Уладзімір Хільмановіч.

З новымі вершамі і празаічнымі творамі чытачоў знаёмяць Святлана Абдулаева, Святлана Адамовіч, Юрка Голуб, Галіна Самойла, Сяргей Чыгрын, Уладзімір Васько, Рычард Бялячыц, Мікола Канановіч, Іван Буднік, Янка Трацяк, Віктар Сазонаў, Уладзімір Хільмановіч, Валянцін Дубатоўка, Альжбета Кеда, Віктар Шалкевіч і многія іншыя гарадзенскія літаратары. Па-беларуску чытачы прачытаюць творы Мікалая Гумілёва, Жака Прэвера, Юльяна Тувіма, Ільдэфонса Галчыньскага. На суд чытачоў свае ўспаміны вынес Аляксей Пяткевіч, пра Ігара Жука і пра яго творчасць успамінаюць і распавядаюць Людміла Сінькова і Анжэла Мельнікава. Павел Сцяцко даследуе онімы творцаў Гарадзенскай філіі СБП і сталых аўтараў “Новага замка”. Сяргей Чыгрын друкуе сваю перапіску з Алесяй Бабарэка – дачкой вядомага беларускага пісьменніка Адама Бабарэкі, а доктар філалагічных навук Алесь Бельскі разважае пра жыццёвы і творчы шлях Сяргея Чыгрына. Гумарыстычныя творы ад Юркі Голуба, Святланы Адамовіч, Івана Будніка, Янкі Трацяка, Ладзіка Майніча заставяць усміхнуцца ўсіх тых, хто гэту сатыру і юмар прачытае. З дзіцячымі творамі на старонках “Новага замка” выступаюць Раіса Раманчук і Галіна Самойла.

Першая прэзентацыя “Новага замку” адбудзецца ў Гародні 23 сакавіка.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]