Наперадзе – другі дзень «Басовішча»! (абнаўляецца)



У Гарадку працягваецца «Басовішча-2017». Пачаўся другі дзень Фестывалю музыкі маладой Беларусі.

Як і штогод, ля месца правядзення фестывалю знаходзіцца намётавае мястэчка, дзе ад раніцы віруе жыццё. Тут жыве і гуляе большая частка ўдзельнікаў і выступоўцаў «Басовішча», якія прыехалі з Беларусі і Польшчы. Некаторыя перасякалі мяжу ў Баброўніках на веласіпедах.

Да Баброўнікаў дабіраліся маршруткай, а пасля паехалі на роварах. З сябрамі дамовіліся так паспрабаваць, каб на мяжы доўга не стаяць у чарзе.

– Усім раім: на ровар ды на «Басовішча»!

– Атмасфера вельмі добрая. Дзеля яе толькі і прыязджаем. Не столькі дзеля гуртоў, колькі дзеля сустрэчы і кантакту з сябрамі, новымі і старымі. Будзем прыязджаць і надалей сюды.

– Усе ўсім рады. Побач усе селяцца, адзін з адным знаёмяцца.

– Жыву ў Беларусі, у Менску. Гэта для мяне выспа свабоды. Я тут пабачыў, як павінны адбывацца фестывалі і падобныя мерапрыемствы насамрэч.

Як выглядае цяпер Барык і што чакаць ад другога дня фестывалю – расказвае Улад Грынеўскі:

Паціху Барык ажывае. Адмысловыя фестывальныя службы ўжо прыбралі тэрыторыю ад смецця, правяраюць апаратуру пасля ўчарашніх канцэртаў.

Я сёння правёў сацыяльны эксперымент: дзе найбольш жыцця з раніцы? Я прайшоўся па тэрыторыі ў пошуку жывых людзей. Найбольш іх аказалася ў намётавым мястэчку. Людзі паціху прачынаюцца. Стаяць чэргі, каб умыцца з самай раніцы, пачысціць зубы – усё для гэтага арганізатарамі было забяспечана. Першае пытанне, якое я ім задаў: ці было вам ўночы холадна ў намётах? Бо абяцалі халодныя ночы. Адказалі, што было даволі добра, не замёрзлі.

Таксама з самай раніцы пабачыў чаргу па каву. Людзям трэба настроіцца на другі дзень «Басовішча», набрацца бадзёрасці.

Чаго чакаць ад другога дня «Басовішча»? Працуе зона «БАСмежжа». Канцэртная частка пачнецца а 19.30 беларускага часу. Сёння даведаемся, хто ж стаў пераможцам конкурснай часткі. Пасля выступяць такія беларускія гурты, як «Стары Ольса», «Vuraj», «Akute», «Naviband».

Новае для «Басовішча» – гэта інтэлектуальная гульня, пераможца ў якой атрымае падарунак – цішотку сёлетняга фестывалю «Басовішча». А 15.00 беларускага часу пакажуць спектакль «Шляхціц Завальня» групы «Манетны двор» у Гарадоцкім асяродку культуры. Адзначу, што большасць вельмі чакае выступу ўкраінскага гурта «Вагонаважаныя».

Зона «БАСмежжа» ўжо адкрытая. Тут можна з’есці вегетарыянскую страву ды купіць беларускую літаратуру ці адзенне. Беларускія арнаменты і сімволіку на рэчах штодзённага карыстання прадае таксама Алесь Мазанік з imbryk.by.

Я прывёз некалькі асобнікаў музычных дыскаў тых, хто выступае. Ёсць сувеніры: магніты, вокладкі на пашпарт і манеты, стужкі з арнаментам і, канешне, сцягі, якія, на жаль, людзі не могуць пашыць самі дома, хоць, падаецца, ёсць усе неабходнае для гэтага.

Завершыўся першы дзень Фестывалю музыкі маладой Беларусі Басовішча2017». «Ilo&Friends», «Нагуаль», «Re1ikt» ды «Дай дарогу!» – усе гэтыя гурты пачулі сабраныя ва ўрочышчы Барык, непадалёк Гарадка. Сёлета, як і штогод, на фестываль прыехалі аматары рок-музыкі з розных куткоў Беларусі і Польшчы.

Шыкоўна ўсё ідзе! Грайце толькі панк-рок! Усім смачнага піва, добрай забавы і каб усё было шыкоўна. Жыве Беларусь!

– Вельмі падабаецца. Я першы раз на «Басовішчы». Класны гук. Вельмі хачу пачуць усе гурты.

– Мне тут падабаецца. Я бачу шмат старых сяброў, а некаторых не бачу ўвогуле, а сустрэў іх тут.

Бубнач гурту «Re1ikt» Аляксандр Дземідзенка:

– Падчас выступу я ўвогуле губляю сябе, назіраю за ўсім як глядач. Таму я не я. І таму, напэўна, гэта так: калі адбываецца такі выхад душы з цела, значыць сувязь з публікай атрымалася.

15 ліпеня ў Барыку выступяць, між іншым, «Vuraj», «Стары Ольса», «Akute», «Naviband» ды польскія рэперы Лона і Вэбэр. Канцэрты на сцэне фестывалю пачынаюцца ў 19.30 паводле беларускага часу. Пасля канцэртаў на малой сцэне пройдуць „afterparty” Басовішча, дзе можна будзе пачуць музыку тэхна.

Жывая трансляцыя з канцэртаў на хвалях Беларускага Радыё Рацыя ды на нашым сайце.

Беларускае Радыё Рацыя