Народнаму мастаку Беларусі Уладзіміру Тоўсціку спаўняецца 70 гадоў
Народны мастак Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Уладзімір Тоўсцік адзначае сёння 70-годдзе.
Нарадзіўся Уладзімір Антонавіч Тоўсцік 24 чэрвеня 1949 года ў Менску. У 1972 годзе скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў), а затым творчы курс майстэрні Акадэміі мастацтваў СССР пад кіраўніцтвам Міхаіла Абдулаева. Менавіта ў гады вучобы склалася творчае крэда мастака. Адной з асноўных тэм яго твораў стала адраджэнне духоўнай і нацыянальнай культуры беларускага народа.
Тоўсцік шмат падарожнічаў па Беларусі і за мяжой. Уражанні ад гэтых паездак знайшлі сваё адлюстраванне ў палотнах.
Творчасць Уладзіміра Тоўсціка – яркая з’ява ў сучасным беларускім мастацтве. Працуе мастак у жанрах тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа і нацюрморта. Творчай манеры ўласціва свабоднае і вобразнае спалучэнне рэалістычнай трактоўкі вобразаў з арыгінальнымі формамі і сродкамі рамантызму, сімвалізму, мадэрну.
Уладзімір Антонавіч пастаянна эвалюцыяніруе як мастак. Змяненні адбываюцца на ўзроўні сэнсавага напаўнення твораў. Майстар узбагачае сваё мастацтва, захоўваючы пры гэтым знойдзеныя ім стылістычныя асаблівасці індывідуальнай мастацкай мовы. Ён заўсёды выступае як філосаф, які стварае абагульненыя вобразы з ярка выяўленым, тонкім лірычным пачаткам. Важным сродкам мастацкай выразнасці для Уладзіміра Тоўсціка быў і застаецца колер, якому ён удзяляе вялікую ўвагу. Колеравыя рашэнні твораў выбудаваны такім чынам, што адна фарба быццам уплаўляецца ў другую, ствараючы пры гэтым адчуванне няспыннасці руху на палотнах.
Работы Уладзіміра Тоўсціка знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, калекцыях Беларускага саюза мастакоў, Міністэрства культуры Беларусі і Расеі, а таксама ў прыватных зборах Фінляндыі, Германіі, Славеніі, Швейцарыі, Грэцыі, Ізраіля, Польшчы, Беларусі і Расеі.
Фота zviazda.by
