«Народны альбом» вярнуўся ў Менск



Вяртанне «Народнага альбому» ў Менск – 2.000 гледачоў, якія не адпускалі музыкаў.

«Народнаму альбому» – 20 год, апошні раз у Беларусі культавы праект бачылі ў 2007-м. І нарэшце, пасля беластоцкага канцэрту ў верасні 2016-га, «Народны праект» з аншлагам вярнуўся на менскую сцэну.

Канцэрт пачаўся са спазненнем – музыкі чакалі, калі гледачы пройдуць дагляд службы бяспекі клубу «Prime Hall», чэргі расцягнуліся на 200 метраў.

Аўтар ідэі і канцэпцыі «Народнага альбому», большасці тэкстаў Міхал Анемпадыстаў кажа пра сакрэт поспеху праекту:

– Калі ствараецца, то ніколі ж невядома, што атрымаецца. Людзі таленавітыя сабраліся, нетыповы выпадак, бо таленавітыя людзі звычайна з амбіцыямі, і яны на тое і таленавітыя, каб мець амбіцыі, а тут атрымалася гэтых людзей сабраць і накіраваць гэтыя амбіцыі ў такое канструктыўнае русла. Я думаю, што гэта адзін з галоўных сакрэтаў альбо з галоўных прычын, што атрымаўся добры прадукт.

 

Фронтмен праекту Лявон Вольскі цяперашні поспех бачыць таксама ў тым, што ўсе да адного музыкі «гараць» «Народным альбомам», а не адпрацоўваюць нумар:

– Справа ў тым, што там не ўсе тыя ж людзі, гэта не класічны склад. Мяне ўражвае тое, што ўсе без выключэння музыкі і вакалісты ды вакалісткі вельмі трапятка ставяцца да гэтага матэрыялу, любяць, гараць гэтым, то бок няма нікога, хто проста адпрацоўвае. Я ўражаны гэтым шчыра кажучы.

«Народны альбом» запісваўся ў 1997 годзе ў студыі радыё “101.2”, зачыненага ўладамі. Апошняя версія з новымі музыкантамі была прадстаўленая спачатку ў Падляшскай оперы і філармоніі ў Беластоку. Тады, 4 верасня, на прэм’еру сабраліся сотні людзей, большасць – з Беларусі.

Музыкі спадзяюцца, што «Народны альбом» прагучыць нажыва і ў іншых гарадах Беларусі.

Фота kp.by

Беларускае Радыё Рацыя, Менск