Нарва ўвайшла ў восень з Тодарам



У Нарвянскім асяродку культуры прайшоў канцэрт Зміцера Вайцюшкевіча.

Беларускі бард выступіў, між іншым, з тэматычна восеньскім рэпертуарам сваёй творчасці. «Прыемна зноў зайграць у Нарве пасля гадовага перапынку», кажа музыкант:

Гэта такі працэс, які, зразумела, артысту падабаецца. Але мне здаецца, што якраз з публікай у нас тут быў вельмі добры кантакт. Рэч у тым, што ўвесь час нешта вакол тваіх думак круціцца, яны не могуць паўтарацца. Таму і новыя песні хацелася паспрабаваць. Гэта песні на вершы Алеся Ліпая. І тыя, што рэдка выконваюцца. З мінулага альбома «Шалік», які мы запісалі разам з Някляевым. Песні, якія даўно не гучалі. Напрыклад, «Суседку» даўно не спяваў. Я вельмі задаволены атмасферай і тэмамі, якія гучалі ў час канцэрта.

Выступ беларускага барда пачаў «Фільмова-музычную восень» – цыкл культурніцкіх падзеяў на тэрыторыі гміны Нарва. Плануецца сустрэча з Юркам Калінай і паказ яго апошняга фільма «Бежанцы 1915-1922» ды праекцыя «Сілаў» – фільма, што ў мінулым годзе здымалі на Падляшшы. Падрабязнасці на сайце Нарвянскага асяродка культуры.

Мацей Рацінеўскі, Беларускае радыё Рацыя, Нарва

Фота аўтара