Настаўнік, паэт і разведчык. Рыхтаваў палякаў да сустрэчы са Сталіным



На праваслаўнай частцы старых могілак Пінска ёсць магіла на якую нельга не звярнуць увагі. З гэтага ўсё і пачалося. Справа не ў помніку, які з аднаго боку сціплы, але вельмі дакладны ў памерах, якасны і калі можна так сказаць “элегантны”. Прыцягвае здымак, неяк адчуваеш, што на цябе глядзіць чалавек не звычайнага лёсу, выклікае цікавасць, ты яго запамінаеш і разважаеш, кім жа ён мог быць пры жыцці…

Гэтае “знаёмства” адбылося некалькі гадоў таму на завяршэнне абыходу пінскага некропаля з мэтаю фатаграфавання знакавых пахаванняў і не толькі. Дапамагаў у той справе вядомы краязнаўца Эдвард Злобін, таму ў яго адразу і перапытаў пра гэтую асобу, але нічога дакладнага. Тады ж спытаў і ў наглядчыкаў за могілкамі. Нейкая кабета ўпэўнена заявіла, што то магіла паэта, але не змагла патлумачыць з чаго вынікае такая інфармацыя. Наўпрост, так вырашылі з калегамі, бо выглядае інтэлігентна, вочы “таленавітыя”. Такая інфармацыя падалася вельмі суб’ектыўнай ды не сур’ёзнай, але міне не шмат часу і выявіцца, што яна ў нечым мела рацыю.

Чаму ўсё прыгадалася зараз? Роўна 70 гадоў таму, 12 сакавіка 1951 года, ў Пінску ў выніку шырокага інфаркта заўчасна памёр Мікалай Адамавіч Абадоўскі. Ён стаяў у вытокаў станаўлення сістэмы адукацыі на Пінскім Палессі, ў гады Другой Сусветнай вайны ўзначальваў выведку партызанскай брыгады спецыяльнага прызначэння ды прымаў удзел у падрыхтоўцы лідэраў польскага прасавецкага супраціву да сустрэчы з Іосіфам Сталіным.

Мікалай Абадоўскі (1900-1951), за чытаннем польскамоўнага літаратурнага тыгодніка “PION” сярэдзіна 1930-х гадоў.

Нідзе не было ягонай поўнай біяграфіі, крыху ўзгадалі аўтары хронікі “Памяць. Пінскі раён”. Давялося збіраць з розных крыніц, успамінаў і ўрэшце з’явіўся жыццяпіс не апошняй постаці нашай гісторыі.

Лісты Якубу Коласу

Адам Іванавіч, бацька нашага героя, родам з вёскі Сямёнавічы Ігуменскага павета Менскай губерні, цяпер гэта Уздзенскі раён. Ён паходзіў з сялянскай сям’і, атрымаў адукацыю ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. Выкладаў Адам Іванавіч у Лучыцку, Лахве і Жыткавічах, а ў 1891 году дабраўся да вёскі Хойна, што ў сучасным Пінскім раёне. Вось тут 13 красавіка 1900 года нарадзіўся сын Мікалай. Калі яму быў восьмы год, сям’я перабралася ў Пінск, бо бацька атрымаў пасаду малодшага настаўніка Пінскага першага мужчынскага двухкласнага парафіяльнага вучылішча. Тут адбылося знаёмства Абадоўскіх з Якубам Коласам, які таксама выкладаў у гэтай установе (гл.: Якуб Колас на Пінскім Палессі. Цікавыя гісторыі).

У кнізе “Нарысы гісторыі культуры Піншчыны (IX – пач. XX ст.)” даследчык Аляксандр Ільін адзначыў, што ў дальнейшым паэт вёў перапіску з Мікалаем, цёпла адгукаўся пра ягонага бацьку, які пайшоў з жыцця ў 1920-х гадах. З лістоў Ільін прыходзіць да высновы – Абадоўскі-старэйшы шмат чаму навучыў маладога выкладчыка Канстанціна Міцкевіча.

Дзяцінства і маладосць.

З глыбінкі Палесся да Варшавы

У 1921 годзе Мікалай Абадоўскі, пасля заканчэння Пінскага рэальнага вучылішча, ўладкаваўся настаўнікам матэматыкі ў вёску Плотніца, што на Століншчыне. Ён працягнуў самаўдасканальвацца, паспяхова прашоў Вышэйшыя настаўніцкія курсы ў Любліне і паступіў у прэстыжны Варшаўскі педагагічны універсітэт. Гэта дало магчымасць заняць пасаду дырэктара Плотніцкай сямігадовай школы на якой ён працаваў да прыходу Саветаў у Заходнюю Беларусь увосень 1939 года. У 1939-1941 гадах Мікалай Адамавіч узначальваў сярэднюю школу №1 у Століне.

Ёсць сведчанні, што ў 1930-я гады раскрыўся паэтычны талент Абадоўскага. Ён друкаваўся ў рэгіянальных выданнях, дасылаў свае вершы і да Варшавы. Яго творчае жыццё трэба грунтоўна вывучыць, але дакладна вядома, што ў часы Другой Сусветнай вайны напісаў песню “Мы сыны баявога народа”. У нашыя дні яе выконвае Народны хор ветэранаў „Паходня” г. Століна.

1935 год, Плотніца, дырэктар са сваімі вучнямі.

Ад падпольнай бібліятэкі да начальніка выведкі

На момант акупацыі нацыстамі Палесся Мікалай Абадоўскі з-за хваробы знаходзіўся ў цяжкім стане. Калі пайшоў на папраўку, то разам з вучнямі Іванам Барэйка і Іосіфам Дзяжурка таемна вынеслі з школы кнігі, невялікую маёмасць. Некаторы час у Століне арганізавалі падпольную бібліятэку, але адчуўшы пагрозу, перадалі кнігі ў партызанскі лагер. Пасля таго, як цалкам ачуняў ад нядугі, Абадоўскі сышоў у партызаны.

Тут, у лагеры Сяргея Каплуна, які базаваўся на палескіх багнах, ён арганізаваў школку для партызанскіх дзяцей. З успамінаў Іосіфа Дзяжурка: “Хлопчыкі хутка асвоіліся ў партызанскім лагеры. Ды і як не асвоіцца? Асобы наўкола знаёмыя. Тут быў і дырэктар школы Мікалай Адамовіч Абадоўскі. Ён пачаў заняткі з хлопцамі. Толькі нячаста выпадалі такія шчаслівыя дні, бо Мікалай Адамовіч быў начальнікам выведкі…”.

У часы дырэктарства на Століншчыне, 1930-я гады.

На перамовы да Сталіна

У траўні 1944 года “народныя мсціўцы” паспяхова ажыццявілі спецаперацыю “Скачок праз фронт”. Непасрэдны ўдзел у ёй прыняў Мікалай Абадоўскі. Сутнасць у тым, што польскія саюзнікі Масквы, якія прадстаўлялі Краёвую Раду Нарадовую, Армію Людову, Саюз польскіх патрыётаў мелі намер правесці сустрэчу ў Крамлі. Яна была неабходная, каб выпрацаваць сумесны план дзеянняў у Польшчы. Дэлегацыя змагла прабрацца да Палесся, але ў раёне Ковеля іх блакавалі нацысты. Больш за месяц група шукала выхады на партызан і ў сярэдзіне красавіка натыкнулася на людзей Каплуна. Было зразумела, што перакінуць палякаў у Маскву магчыма толькі па паветры.

У класе Плотніцкай школы.

Каплунаўцы заняліся добраўпарадкаваннем часовага аэрадрома. Працавалі ноччу, але з-за недахопу патрэбнага інвентара ўсё рухалася марудна. Мікалай Абадоўскі атрымаў заданне знайсці рыдлёўкі, сякеры і пілы. З гэтай мэтай яго спецгрупа адправілася на тэрыторыю, падкантрольную ворагу, дзе і здабылі неабходны інвентар. Акрамя гэтага, перад Абадоўскім паставілі больш сур’ёзную задачу – навучыць польскіх сяброў расейскай мове для прадуктыўных перамоваў у Маскве.

“24 красавіка 1944 года. У размяшчэнні нашай брыгады з’явілася некалькі палякаў. На выгляд вельмі інтэлігентныя людзі, апранутыя па-гарадскому. Яны ўзмоцнена вывучаюць рускую мову. З сабой прынеслі томік Пушкіна. Па гэтай кніжцы яны вучацца чытаць і вымаўляць рускія словы. У гэтай справе ім дапамагаюць камандзіры выведнікаў М. А. Абадоўскі і А. А. Салагуб. Працуем, пілуем лес, капаем зямлю…”, – занатаваў у дзённіку малы партызан Дзяжурка.

За працоўным сталом напярэдадні Другой Сусветнай вайны.

Калі амаль усё было гатовае для адпраўкі дэлегацыі праз фронт, нацысты высачылі партызан. Трываў тыднёвы бой, але задачу выканалі.

Хто ж трапіў на перамовы ў Крэмль? Каго вучыў расейскай мове Абадоўскі? Дакладна вядома: Марыян Спыхальскі (маршал камуністычнай Польшчы), Казімір Сідора (узначальваў дыпламатыю Польскай Народнай Рэспублікі ў краінах Афрыкі і Азіі), Ян Ханеман (міністр абароны ПНР), Эдвард Асубка-Мараўскі (адзін з кіраўнікоў ПНР).

З калегамі на Гарыні, Абадоўскі першы злева.

А усё што пройдзе, то няхай будзе міла

Калі ў 1944 годзе Чырвоная Армія выбіла з Беларусі нацыстаў Мікалай Абадоўскі вярнуўся да сваёй справы. Сістэму адукацыі прыйшлося ствараць з нуля. Спачатку ён працаваў інспектарам Пінскага гарадскога аддзела адукацыі, а затым яго перавялі інспектарам у Пінскі абласны аддзел адукацыі.

Адбыліся перамены і ў асабістым жыцці – пабраўся шлюбам з настаўніцай Галінай Шавель. Нашае радыё распавядала пра неверагодную гісторыю яе выратавання з Пінскага гета (гл.: Нават у пекле здараюцца цуды). Сямейная жыццё апынулася не доўгім – шэсць гадоў, але, напэўна, было шчаслівым. Гэта бачна з тых лістоў, здымкаў, якія 40 гадоў беражліва захоўвала ўдава і незадоўга перад сваёй смерццю перадала ў Музей Беларускага Палесся. Яны вельмі сумавалі, што не могуць мець дзяцей. Вайна зрабіла сваё… Па фота Абадоўскага да і пасля вайны відаць, наколькі гэта розны чалавек. Хваробы ўсё часцей нагадвалі пра сябе.

Пасля вайны… На адным са здымкаў Абадоўскі напісаў: “А усё што пройдзе, то няхай будзе міла”.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя