Настаўніца выдала кнігу і падаруе тым, хто цікавіцца родным словам



Настаўніца Свірскага вучэбна-педагагічнага комплексу школы-сад Валянціна Пісарчык з вёскі Камарова Мядзельскага раёна выпусціла сваю першую кнігу прозы “Кветкі для Зоні”. Кніга выйшла з друку ў менскім выдавецтве “Кнігазбор”. Прыгожы і арыгінальна выдадзены зборнік адразу прыцягвае ўвагу. Яе аўтарка падчас вучобы ў Белдзяржуніверсітэце ў 1980-1985 гадах наведвала ўніверсітэцкае літаб’яднанне “Узлёт”, якім кіраваў прафесар Алег Лойка. Тады Валянціна Пісарчык друкавала свае першыя вершы пад дзявочым прозвішчам Місюк. Вершы былі апублікаваныя ў зборніках “Вусны”, “Квадра”, у рэспубліканскіх газетах і часопісах. А летась выйшаў з друку яе першы зборнік паэзіі “Храм на бяросце”.

У кнізе прозы “Кветкі для Зоні” Валянціны Пісарчык паяднаны творы, якія апавядаюць пра складаныя чалавечыя лёсы, тыя шматлікія жыццёвыя перапетыі, якія прымушаюць задумацца над здзейсненымі ўчынкамі. Але найперш, як вядома, павінны перамагаць дабрыня, вера, спадзяванне на самае лепшае ў нашым жыцці. Таму, нягледзячы на той боль, што часам праступае ў людскіх душах, вельмі пераканаўча гучыць заклік да ўсяго самага светлага, чыстага, яснага, нібы колер блакітнага неба. А чаму менавіта такая назва кнігі?  “Кветкі для Зоні” – гэта сімвал няспраўджанага чалавечага чакання. Хацелася б, каб кветкі былі ўсё ж жывымі і дарылі чалавеку не боль і смутак, а радасць і шчасце…

На сваіх першых прэзентацыях, якія адбудуцца найперш на Мядзельшчыне, аўтарка вырашыла бясплатна падараваць свае кнігі тым, хто цікавіцца родным словам.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Мядзельскі раён