Настаўніца з Баранавіч выпусціла сваю першую кнігу



У менскім выдавецтве “Каўчэг” выйшла з друку першая паэтычная кніга настаўніцы з Баранавіч Таццяны Яцук “Груша над абрывам”.

Таццяна Яцук (дзявочая прозвішча Марчык) усё жыццё піша вершы. У 1980-1985 гадах, калі была студэнткай Белдзяржуніверсітэта, наведвала ўніверсітэцкае літаб’яднанне “Узлёт”, якім кіраваў прафесар Алег Лойка.

Пасля заканчэння навучальнай установы пэўны час працавала настаўніцай роднай мовы на Барысаўшчыне, а цяпер у СШ №4 г. Баранавічы.

У першую паэтычную кнігу Таццяны Яцук увайшлі лірычныя і шчырыя радкі пра родны край, пра блізкіх і дарагіх ёй людзей, пра тое, што паэтка найбольш ведае і што яе хвалюе, радуе і трывожыць.

Прадмову да кнігі “Груша над абрывам” напісаў Сяргей Чыгрын са Слоніма. Ён падкрэсліў, што “галоўны герой вершаў Таццяны Яцук змагаецца за дабрыню – пачуццё, якое не толькі ўзвялічвае чалавека, але і робіць яго чалавекам. Дабрыня ў паэткі выражае клопат сучаснага чалавека, адносіны да людзей, да сваёй зямлі, да сяброў і сваякоў, да гістарычных мясцін Бацькаўшчыны. Лірычны герой яе твораў – даволі ўражлівы чалавек, натуры простай, адкрытай і шчырай. Так, як і сама аўтарка…”.

Першая прэзентацыя кнігі Таццяны Яцук “Груша над абрывам” адбудзецца ў яе роднай вёсцы Валеўка на Наваградчыне 22 ліпеня, дзе нарадзілася паэтка, дзе прайшло яе маленства і школьныя гады.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя