Настаўніца з Мядзельшчыны выпусціла паэтычны зборнік



Настаўніца Свірскага  вучэбна –педагагічнага комплексу школы-сад – Валянціна Пісарчык з вёскі Камарова Мядзельскага раёна выпусціла свой першы паэтычны зборнік “Храм на бяросце”.

Прыгожы і арыгінальна выдадзены зборнік адразу прыцягвае ўвагу. Яе аўтарка падчас вучобы ў Белдзяржуніверсітэце ў 1980-1985 гадах наведвала ўніверсітэцкае літаб’яднанне “Узлёт”, якім кіраваў прафесар Алег Лойка. Тады Валянціна Пісарчык друкавала свае вершы пад дзявочым прозвішчам Місюк. Вершы былі апублікаваныя ў зборніках “Вусны”, “Квадра”, у рэспубліканскіх газетах і часопісах.

Прайшло шмат гадоў, але Валянціна ніколі не развітвалася з беларускім паэтычным словам. Яе паэтычныя шчырыя і філасофскія вершы напоўнены роздумам аб чалавечым жыцці, аб лёсе роднага краю, яго гістарычнай спадчыны. Асобнае месца ў зборніку аўтаркі займае еднасць з самай блізкай мясцінай – ваколіцай блакітных азёр, што на Мядзельшчыне, глыбока раскрыта тэма мастацтва, кахання, маленькай радзімы:

Здарожыўся і песню заспяваў

Ля дрэў чужых, ля вёскі незнаёмай.

Так доўга чалавек ішоў дамоў,

Што нават хаты роднай не пазнаў…

У многіх творах паэткі сустракаюцца рэлігійныя матывы. У такіх вершах паэтка разважае пра ўзаемаадносіны паміж людзьмі, пра мастацтва, пра чалавечае цярпенне і людскую павагу.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Мядзельскі раён