Наталка Бабіна: Пашкрабі беларуса і знойдзеш нешта ўкраінскае



У менскім “Прэс-клубе” адбылася дыскусія наконт беларускай і ўкраінскай ідэнтычнасці з удзелам айчынных літаратараў і гасцей з Украіны.

Наталка Бабіна

Гаворыць удзельніца, старшыня Таварыства ўкраінскай літаратуры пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў Наталка Бабіна:

– Пашкрабі любога беларуса і ты знойдзеш нешта ўкраінскае ў родзе, у генеялогіі. І наадварот, пашкрабі любога ўкраінца з Валыні, са Львоўшчыны, з Кіеўшчыны, і знойдзеш нешта беларускае. У Беларусі ёсць такі ўнікальны рэгіён Берасцейшчына, вось адкуль паходжу я. Для мяне вельмі важна паказаць, што вось гэты пласт культуры ёсць. Гэта і ёсць тое практычнае фармаванне ідэнтычнасці, без адчування якога чалавек не можа быць чалавекам.

Наталка Бабіна – паспяховая беларускамоўная пісьменніца. Сваю ўкраінскую ідэнтычнасць яна публічна агучыла некалькі гадоў таму. З-за таго, што яна лічыць Берасцейшчыну часткай у тым ліку і ўкраінскай культурнай прасторы, у сацыяльных сетках у яе з’явілася пэўная колькасць нядобразычліўцаў.

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск