Наталля Дырман: Спадзяюся, Міністэрства культуры пра нас яшчэ пачуе



Штогод у вёсцы Хмелева на Жабінкоўшчыне можна назіраць рэканструкцыю абрада “Ваджэнне куста”. Мясцовы фальклорна-тэатральны калектыў “Хмелеўскія валацугі” на чале з Наталляй Дырман праводзяць яго на праваслаўную Троіцу (“Сёмуху”).

Падрабязней апавядае сама Наталля:

Наталля Дырман: Што мы толькі не рабілі, хадзілі па дварах, вадзілі куст. Куст – гэта дзяўчына, самая прыгожая, самая годная, не замужняя, не цяжарная, не прыгнечаная нічым. Упрыгожана лісцем – дубовым, ліпавым, бярозавым. Мы яе вадзілі па дварах і “до кого куст ходыть, там жыто родыть, в кого в дворово постоіт, шо боліло нэ болыть”. У агульным, хадзілі па сялу да лепшых людзей, да людзей, якія заўсёды ідуць нам насустрач, якія накрываюць сталы, але не толькі да тых, хто накрывае сталы. У нас былі бабулі, якія проста выйшлі з клюкамі на дарогу, і мы ім паўнавартасную канцэртную праграму давалі наўпрост на асфальце.

РР: Што там спявалі?

Наталля Дырман: На “Сёмуху” спяваюць традыцыйныя песні, танчаць танец “Тэрныця”, гэта важна, гэта заўсёды, гэта “Тэрныця”. Тройкамі танчаць гэты танец, спяваюць “Зялёны дуб”  – “нэ розвывайся зэлэны дубэ, бо ў нас сёння вжэ Трііца будэ”. У нас зараз на сцэне нашыя дзеці, фальклорны калектыў, будуць спяваць гэтую песню, будуць танчыць і будуць распавядаць, што за свята і якім бокам мы тут гуляем.

РР: Дзе гэтая традыцыя распаўсюджана? У якіх вёсках?

Наталля Дырман: Не толькі ў нас, на Заходнім Палессі, але мы неяк спярша думалі што ў нас. У нас калісці было свята Яблычны Спас і яно шырока святкавалася. Першапачаткова ў Хмелева гэта пасаднае свята было і мы святкавалі гадоў дзесяць, не падмануўшы. Пасля, айцец Серафім кажа: “Але ўсё ж такі пост”, і закрылі гэтае свята. Мы не можам спрачацца з айцом Серафімам, у нас жа манастыр, у нас жа культавае месца, мы ж нармальныя людзі, мы ж Божыя людзі і мы сталі думаць: “Што ж нам рабіць?” Я ўзгадала, што калісьці, 26 гадоў таму, сюды прыехала, у нас было свята ў Залуззі, і я там пабачыла такі незвычайны абрад, ніколі нідзе не бачыла – “Ваджэнне куста”, у Залуззі, у нашым раёне. Я ўзгадала, і мы паехалі, распыталі, даведаліся, усё перапісалі, ўсё вывучылі і нашых дзяцей навучылі, і мы вырашылі што: “Калі не на Сёмуху, то калі?” Гэта ж не пост, гэта ж Троіца, добрае надвор’е, гэта ў нашым раёне, гэта мы нікуды за мора не ехалі і мы вырашылі, што гэта ж нематэрыяльная каштоўнасць. Трэба ж гэта захоўваць, мы сваіх дзяцей навучылі і самі вывучылі, і вось ужо чацвёрты год “Водым куста” і шчаслівыя, таму што ў нас людзі ўжо прывыклі што “Куст прыдэ на Сёмуху”. І артысты ведаюць і простыя людзі, што на Сёмуху трэба ехаць у Хмелева.

РР: Гэты абрад “Ваджэнне куста” неяк Міністэрствам культуры падтрымліваецца, унесены ў нейкі спіс?

Наталля Дырман: Ведаеце, што я вам скажу? Мы з Міністэрствам культуры гэтую тэму не абмяркоўвалі. Справа ў тым, што свята ў нас маладое, яшчэ вось яно спее. Я хацела сказаць, што першае свята, яно было вясковае, местачковае. Вырашылі зрабіць раённым. Я не выключаю, што яно можа быць абласным, альбо рэспубліканскім. Але вы ведаеце што? Проста нашае Міністэрства культуры не ў курсе, што ў Хмелева праходзіць “Хмелеўская Сёмуха”. Але я вельмі спадзяюся, што яно пра нас пачуе, яно яшчэ нас угледзіць і яно яшчэ нам дапаможа.

У Беларусі абрад «Ваджэнне куста» распаўсюджаны і захаваўся толькі ў некаторых заходнепалескіх вёсках. Апроч Жабінкоўшчыны яго праводзяць на «Троіцу» ў Лобчы, Лунінецкага раёна.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя