Наталля Задзяркоўская: Тыдзень беларускай культуры паказаў, якую ролю адыграў культурны рух у пратэстах



З 5 па 10 ліпеня ва ўсім свеце прайшоў Тыдзень беларускай культуры. Не засталіся ўбаку і беларусы Польшчы. У 8 польскіх гарадах ладзіліся мерапрыемствы. Рашэнне аб правядзенні Тыдня культуры было прынятае Народным антыкрызісным упраўленнем. Пра што мы пагаворым з госцяй Радыё Рацыя прадстаўніцай упраўлення па культуры Наталляй Задзяркоўскай:

– Беларусы на працягу тыдня адзначалі мясціны, звязаныя з выбітнымі дзеячамі беларускай культуры. Ускаладалі кветкі, чыталі вершы Янкі Купалы, святкавалі Купалле, але ж гэта ў падполлі. Гэта тыдзень культуры ва ўсім свеце і да яго далучыліся беларусы ў Польшчы, прычым не толькі Варшава, што важна адзначыць, а 8 гарадоў. Прадстаўнікі ўсіх творчых кірункаў – тэатральныя дзеячы, літаратары, акторы, музыканты – ўсе прынялі ўдзел. У Варшаве цудоўная ідэя арганізаваць дваровы канцэрт, які нагадваў бы нам дваровыя канцэрты ўзору восені 2020 года у Менску і іншых гарадах Беларусі. Калі суседзі шмат гадоў жылі адзін з адным і не ведалі адзін аднаго, а вось тыя падзеі, якія адбыліся, усіх аб’ядналі.

Ганна Васілевіч: А кім вы працавалі на Радзіме?

Наталля Задзяркоўская: Я былы начальнік упраўлення культуры народнай творчасці ў Мінсітэрстве культуры. Таму праца, якую мы зрабілі за тыдзень, мне блізкая. Ёсць меркаванне, што не час сёння скакаць і спяваць, але ж гэты тыдзень паказаў наколькі ў беларусаў багатая культурная спадчына, а па-другое, якую ролю адыграў культурны рух у пратэстах. Нездарма шмат прадстаўнікоў культуры затрыманы і рэпрэсаваны. Мастацкае слова і пратэстная музыка для рэжыма – гэта вельмі страшна. Таму культурны пратэстны рух працягваецца.

Ганна Васілевіч: Вы не шкадуеце, што пакінулі такое цёплае месца і прамянялі на жыццё на чужыне?

Наталля Задзяркоўская: Складана адказаць на пытанне. Гэта быў асэнсаваны выбар, ён быў цяжкі, але зрабіць па-іншаму я не магла. Як і многія дзяржаўныя служачыя ў Беларусі.

Ганна Васілевіч: Калі Вы працавалі ў міністэрстве, ці цяжка было працаваць менавіта ў беларускім кірунку, таму што мы ведаем – кіраўнік дзяржавы не быў прыхільнікам беларушчыны?

Наталля Задзяркоўская: Мне шанцавала, што кірунак, які вяла я, быў звязаны з народнай творчасцю. А народная творчасць, як ні круці, ні ад мовы, ні ад нацыянальных традыцый не можа адыйсці. Безумоўна, мы не былі на галоўных сцэнах, тыя самыя аматарскія і фальклорныя калектывы яны не былі пажаданымі на дзяржаўных мерапрыемствах, але ў рэгіёнах гэтыя фестывалі ладзіліся і я рада, што мела да гэтага дачыненне.

Размову цалкам слухайце ў далучаным файле:

З госцяй Радыё Рацыя Наталляй Задзяркоўскай размаўляла Ганна Васілевіч.