NaviBand запісалі песню „Адчуй гэта лета па-свойму!”



Гурт NaviBand, які прадстаўляў ў гэтым годзе Беларусь на песенным конкурсе „Еўрабачанне”, запісаў песню на беларускай мове „Адчуй гэтае лета па-свойму!”.

Відэа было размешчана на YouTube 16 чэрвеня, на сёння яно сабрала амаль 10 тыс. праглядаў.

У роліку NaviBand падарожнічаюць на мікрааўтобусе Coca-Cola па гарадах Беларусі, катаюцца на роварах, ладзяць пікнік і, вядома ж, спяваюць.

Кліп запрашае: „А прыязджайце ў Вiцебск!”, „Давайце затусiм у Берасці”, „Чакаем вас у Гомелi”, „Айда да нас у Гародню!”.

Як паведамляецца на сайце coca-cola.by, у 2016 годзе ў Парыжы Coca-Cola разам з дыджэем Avicii і спеваком Конрадам Сьюэлам прадставілі песню „Taste the Feeling” ( „Паспрабуй … Адчуй”). Гэтая кампазіцыя набыла папулярнасць. Пазней яна была выканана ў многіх краінах з удзелам папулярных музыкаў. Так, у Грэцыі песню „Паспрабуй … Адчуй” выканала група Onirama, у Расеі – Ілля Лагуценка, L’One. Quest Pistols Show выканалі песню ў стылі рок, хіп-хоп і поп. У Беларусі Coca-Cola вырашыла супрацоўнічаць з маладымі, але ўжо вядомымі музыкамі – Ксеніяй Жук і Арцёмам Лук’яненкам з групы NaviBand. Яны самі адаптавалі тэкст песні „Taste the Feeling” на беларускую мову і прапанавалі ўласную аранжыроўку.

„Мы неверагодна ганарымся тым, што ў нас з’явілася магчымасць несці людзям беларускую культуру, у тым ліку і праз рэкламу. Мы выканалі гэтую песню ў нашым стылі – так, як мы яе адчуваем”, – распавёў аб праведзенай працы Арцём Лук’яненка.

БелТА