Навошта сучаснаму фотамастаку здымкі зруйнаванага Віцебску?



Віктар Барысенкаў з’яўляецца адным з пачынальнікаў незвычайнага віду фотамастацтва. Ён робіць фотапраекцыі – з дапамогай фотамантажу сумяшчае выявы мінулых часоў і сучасныя краявіды Віцебску. Такім чынам атрымліваецца неверагоднае: прыкладам, помнікі архітэктуры, страчаныя шмат гадоў таму, нібыта ажываюць у сучаснай гарадской прасторы.

Сённяшнія віды гораду Віктар Барысенкаў здымае сам. Старыя ж здымкі даводзіцца шукаць у кнігах па краязнаўстве або ў архівах ці інтэрнэце. Самым сапраўдным скрабам для працы аказаліся здымкі, зробленыя нямецкімі салдатамі падчас акупацыі Віцебску ў 1941-44 гадах, кажа фотамастак.

-За тры гады, з 1941 па 1944, такіх фотаздымкаў захавалася вельмі шмат. У маёй электроннай калекцыі іх ужо каля 1 600. На гэтых здымках мы бачым выявы будынкаў, якіх не захавалася больш ні на адным фота. Мы бачым храмы, якія былі разбураны пасля вайны. Такім чынам, нямецкія фотаздымкі – гэта адзінае сведчанне, фотасведчанне пра гэтыя архітэктурныя помнікі.

Паводле Віктара Барысенкава, дзякуючы здымкам паўразбуранага Віцебску часоў мінулай вайны, яму ўдалося аднавіць цэлы шэраг архітэктурных помнікаў на фотапраекцыях.

Працы фотамастака часта экспануюцца ў віцебскіх выставачных залях. Асобныя цыклы гістарычных здымкаў і фотапраекцый Віктар Барысенкаў выкладвае ў інтэрнэт у выглядзе відэафільмаў.

Цалкам размова:

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя