НББ запрашае азнаёміцца з творчасцю пісьменнікаў-фантастаў Азімава і Брэдберы



Нацыянальная бібліятэка Беларусі запрашае азнаёміцца з творчасцю пісьменнікаў-фантастаў Айзека Азімава і Рэя Брэдберы. Выстава „Наперадзе часу” прысвечана 100-годдзю з дня іх нараджэння. 

„Айзек Азімаў і Рэй Брэдберы – наватары, якія сталі класікамі і падарылі чытачам унікальны свет, таленавітыя прароцтвы і перасцярогі. Яны пачыналі ў эпоху, калі фантастыка была адной з разнавіднасцей таннага чытання, pulp fiction. Гэты жанр пасталеў разам з імі і стаў такім, якім мы яго ведаем і любім. У цэнтры ўвагі літаратурнай творчасці пісьменнікаў – сацыяльныя і духоўныя аспекты тэхнічнага развіцця, праблемы актыўнай дзейнасці чалавека ў сучасным свеце, барацьба супраць зла і пагрозы вайны”, – расказалі ў НББ.

Цэнтральнае месца ў экспазіцыі займаюць галоўныя творы пісьменнікаў. Самыя вядомыя з буйных форм, якія прынеслі славу Рэю Брэдберы, – „451 градус па Фарэнгейту”, „Марсіянскія хронікі” і „Віно з дзьмухаўцоў”. На выставе можна ўбачыць вядомы раман „Набліжаецца бяда” і незавершаны твор „Маскі” пра адзінокага чалавека, які стварае сабе несапраўдны твар як адказ на абыякавасць навакольных. Але самая вялікая па аб’ёме частка творчасці Рэя Брэдберы – апавяданні. Менавіта ў гэтай форме ён дасягнуў вяршынь майстэрства, таму на выставе значнае месца адводзіцца зборнікам апавяданняў розных гадоў: „Чалавек у малюнках”, „Сродак ад меланхоліі”, „Цёмны карнавал”.

Галоўныя тэмы ў творчасці Айзека Азімава – ачалавечванне робатаў і рассяленне людзей у космасе. „Тэме робатаў прысвечаны шматлікія апавяданні і аповесці „Я, робат”, „Стальныя пячоры” і цыкл раманаў „Дэтэктыў Элайджа Бейлі і робат Дэніэл Аліва”. Кнігі раскрываюць праблему ўзаемадзеяння людзей і робатаў і звязаныя з гэтым маральныя прынцыпы. Тры законы робататэхнікі, прыдуманыя Айзекам Азімавым, ляглі ў аснову навукі аб штучным інтэлекце. Аб асваенні космасу расказваюць цыклы „Трантарыянская імперыя” і „Акадэмія”. Азімаў быў самым знакамітым папулярызатарам навукі свайго часу, навукова-папулярных кніг у яго было нават больш, чым мастацкіх. Яны ахопліваюць разнастайныя тэмы – ад фізікі і астраноміі да гісторыі і псіхалогіі. На выставе можна азнаёміцца са спадчынай Айзека Азімава і ў гэтым ракурсе.

Выстава будзе працаваць да 8 лістапада.

belta.by