Неўзабаве з’явіцца праграма падрыхтоўчых курсаў Універсітэта імя Ніла Гілевіча



Грамадскае аб`яднанне „Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” (ТБМ) у канцы траўня плануе запусціць сайт прыватнага Універсітэта імя Ніла Гілевіча, паведаміў ганаровы старшыня ТБМ і выканаўца абавязкаў рэктара ВНУ гісторык Алег Трусаў.

Паводле інфармацыі, размешчанай на афіцыйным партале даменных зон .by і .бел, даменнае імя сайта ўніверсітэта — nhu.by — было зарэгістравана 11 красавіка. „Сайт амаль гатовы, засталіся дробязі”, — сказаў гісторык.

Трусаў адзначыў, што да чэрвеня стваральнікі ўніверсітэта паспрабуюць сфарміраваць праграму падрыхтоўчых курсаў, якія плануецца запусціць з канца верасня — пачатку кастрычніка.

„Мы хочам зрабіць два віды курсаў, адзін з іх будзе разлічаны на тры месяцы, другі — на паўгода, — растлумачыў ён. — Трохмесячныя курсы будуць накіраваныя ў першую чаргу на падрыхтоўку да здачы цэнтралізаванага тэставання па беларускай мове, а таксама замежных мовах — англійскай, нямецкай і некаторых іншых. Навучаць замежным мовам будзем па-беларуску. На шасцімесячных курсах будзе весціся падрыхтоўка па мовах, але таксама будуць і агульнаадукацыйныя лекцыі па гісторыі Беларусі, культуролагі і іншых гуманітарных дысцыплінах. Памяшканняў у нас хапае — ёсць офіс ТБМ, офіс універсітэта. Для пачатку мы хочам набраць на курсы 30—40 чалавек”.

Ганаровы старшыня ТБМ нагадаў, што ў канцы траўня стваральнікі ВНУ маюць намер падаць дакументы ў Міністэрства адукацыі для атрымання ліцэнзіі на падрыхтоўку бакалаўраў і магістраў па шэрагу спецыяльнасцяў. Па статуце ўніверсітэта навучанне студэнтаў у перспектыве будзе весціся па 56 спецыяльнасцях, але па першым часе яго заснавальнікі паспрабуюць атрымаць ліцэнзію на 6—10 спецыяльнасцяў.

„У першую чаргу мы хочам адкрыць кафедру паланістыкі, а таксама кафедру балтыйскіх краін, дзе будуць вывучаць эстонскую, латышскую і літоўскую мовы, — сказаў Трусаў. — Магчыма, мы паспрабуем атрымаць ліцэнзію на такія хадавыя спецыяльнасці, як менеджмент, літаратурны пераклад, юрыспрудэнцыя. Ёсць розныя планы, але да канца яны пакуль не сфарміраваныя. Аднак праца па фарміраванні вядзецца штодня”.

„Нам паступае шмат заявак ад людзей, якія хочуць пазней да нас паступіць вучыцца на бакалаўрыят, а таксама ад студэнтаў старшых курсаў розных ВНУ Беларусі, якія хочуць пасля паступаць да нас у магістратуру. Мы ўжо атрымалі каля пяцідзесяці заявак ад тых, хто хоча ў нас выкладаць, і прыкладна столькі ж ад тых, хто хоча ў нас вучыцца”, — дадаў гісторык.

Стварэнне прыватнай беларускамоўнай ВНУ ТБМ пачало ў 2017 годзе. У канцы верасня Мінгарвыканкам зарэгістраваў універсітэт як структурнае падраздзяленне Таварыства беларускай мовы і вылучыў памяшканне пад офіс будучай навучальнай установы, аднак пасля гэтага сталічныя ўлады доўгі час адмаўляліся рэгістраваць назву ВНУ. Пасля паўтара дзясятка няўдалых спроб прыватную ВНУ зарэгістравалі пад назвай „Універсітэт імя Ніла Гілевіча”. Неўзабаве пасля гэтага быў зарэгістраваны статут універсітэта.

Трусаў раней заяўляў БелаПАН, што на паўнавартаснае функцыянаванне ВНУ ў перспектыве будзе неабходна каля 7—8 млн долараў у год. Па першым часе для навучання студэнтаў па частцы заяўленых у статуце спецыяльнасцяў ВНУ будзе дастаткова мільёна долараў у год.

Асноўную частку сродкаў заснавальнікі ВНУ разлічваюць атрымаць ад беларускіх і замежных спонсараў, у рамках розных міжнародных адукацыйных праграм і па лініі Усходняга партнёрства.

belapan.by