«Неверагодны свет» вось-вось пабачыць свет!



Ілюстраваная дзіцячая кніга «Неверагодны свет» выйшла ў межах грамадскай кампаніі «Годна». 180 унікальных загадак-рыфмаванак і добрыя малюнкі дапамогуць маленькім беларусам пазнаёміцца з беларускім жывёльным і раслінным светам.

Аўтарам вершаваных загадак выступіў вядомы беларускі блюзавы музыкант і паэт Юрый Несцярэнка. Складальнікі кнігі зрабілі прадукт арыентаваны на сучасных беларускіх дзетак. Простую зразумелую мову тэкстаў дапаўняюць стылёвыя ілюстрацыі. Мастак праекта імкнуўся выяўляць «герояў» кнігі так, каб зацікавіць маленькіх чытачоў і дапамагчым ім арыентавацца ў жывой прыродзе роднага краю.

Ідэйным натхняльнікам кнігі з’яўляецца Павел Белавус. Творчая каманда «Годна» прыклала ўсе намаганні, каб давесці справу да фіналу. Кніга выходзіць невялікім накладам і ўжо даступная для перадзамовы: https://tn.by/product/nievierahodny-sviet/

Кошт па перадзамове — 15 рублёў. Далей кошт будзе павышацца і складзе 20 рублёў за асобнік.

Робячы перадзамову цяпер, вы падтрымліваеце выданне кнігі. Першы тыраж будзе выдадзены за сродкі, якія кампанія атрымае з перадзамовы.

Грошы з продажу кніг пойдзуць на падтрымку сям’і Паўла Белавуса. Зараз ён знаходзіцца за кратамі і прызнаны палітвязнем.


Грамадская кампанія “Годна” прысвечана прасоўванню сучаснай беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці на глебе агульных стваральных каштоўнасцяў. Удзельнікі кампаніі распрацоўваюць і запускаюць культурніцкія праекты ў новых фарматах.


Юры Несцярэнка – беларускі пісьменнік і музыкант. Нарадзіўся ў 1965 годзе на Быхаўшчыне. Скончыў Мінскі інстытут культуры. Стваральнік музычных гуртоў “White Night Blues” (Блюз Белай Ночы) і “Nіestary Band”. Удзельнік шматлікіх міжнародных фестываляў, аўтар сольных альбомаў. Як празаік, публіцыст і перакладчык друкаваўся ў выданнях “Маладосць”, “Дзеяслоў”, “Тэрмапілы”, “Бярозка”, “Літаратурная Беларусь”, “Літаратура і мастацтва”, “Верасень”, як аглядальнік і музычны крытык — у газетах “Няміга”, “Музыкальная газета”, часопісе “Jazz-квадрат” і шмат інш. Празаічныя творы змешчаны ў альманаху “Брама”, зборніку “Літаратурнае прадмесце”. Аўтар кніг “Звычайны шоу-бізнес” (Мінск, “Кнігазбор” 2015”), “Маё мястэчка ў часе і прасторы” (Мінск, выдавецтва”Колас”, 2015). Жыве ў Бялынічах.

[manual_related_posts]