“Незнаёмы Караткевіч”
27 чэрвеня ў 19:00 у кіназале Музея гісторыі беларускага кіно (вул. Свярдлова, 4) у рамках праекта «Т.О.К.» («Тэатр. Адукацыя. Кіно») Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн» і Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь запрашаюць на сустрэчу, прысвечаную творчасці нашага славутага земляка Уладзіміра Караткевіча.
Удзельнікі сустрэчы даведаюцца пра Караткевіча-этнографа, паглядзяць шэраг унікальных дакументальных фільмаў аб Беларусі, знятых па сцэнарыях пісьменніка.
Уладзімір Караткевіч знаёмы перш за ўсе як класік беларускай літаратуры, выбітны паэт, празаік і публіцыст. Малавядомай застаецца другая важная частка яго прафесійнай біяграфіі. Караткевіч таксама быў заўзятым этнографам і фалькларыстам, цікавіўся народнымі казкамі, легендамі і паданнямі, якія ён рупліва збіраў не адзін год па ўсёй Беларусі.
У 1960 – 1970-х гадах Акадэмія навук Беларусі ініцыявала шэраг этнаграфічных экспедыцый па краіне. Вынікамі гэтых падарожжаў сталі збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі, артыкулы, эсэ, даследаванні, а таксама дакументальныя кінастужкі, сцэнарыстам некаторых з iх выступіў Караткевіч.
На творчай сустрэчы “Незнаёмы Караткевіч” будуць паказаны малавядомыя шырокай аўдыторыі стужкі “Сведкі вечнасці” (1964), “Будзь шчаслівая, рака” (1964), “Памяць каменя” (1966) і “Родная зямля” (1972), а таксама пройдзе іх абмеркаванне з удзелам даследчыкаў творчасці Уладзіміра Караткевіча.
Беларускае Радыё Рацыя
