„Ноч музеяў” у філіі Веткаўскага музея



Рэканструкцыя вясельнага абраду, этна-кавярня, фолк-гурты, выступ Івана Кірчука, майстар-класы па ткацтве і вырабе традыцыйных лялек – гэта няпоўны спіс таго, што адбывалася ў філіі Веткаўскага музея падчас “Ночы музеяў”.

Загадчык філіі Пятро Цалка распавёў, што сёлета была абраная тэма „Вяселле”:

– Пачатак – гэта імправізаванае вяселле, шэсце праз увесь парк, каб усе пачулі, як раней вяселле праз усю вёску. Гэта гарманіст, аўтэнтычныя спевы, гурт “Стаўбунскія вячоркі”, які таксама паказвае вясельную праграму. Гэта шэраг сучасных гуртоў, якія ў этна-накірунку працуюць: “Стары фальварак”, “Бан-Жвірба”, Іван Кірчук. Гэта выстава вясельных кашуль, якую прэзентуе Веткаўскі музей.

Міжнародная акцыя “Ноч музеў” адзначаецца ў Беларусі з 2008 года. Падчас гэтай акцыі музейныя экспазіцыі можна аглядаць ноччу. Шэсць гадоў таму да “Ночы музеяў” далучыўся і філіял Веткаўскага музея.

 

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель