“Ноч музеяў” у Глыбокім
“Ноч музеяў” прайшла ў Глыбоцкім гісторыка-этнаграфічным музеі. Мерапрыемства было прымеркавана да Міжнароднага дня музеяў, які адзначаюць 18 траўня. Афіцыйна гэтая дата была ўведзена з 1977 года.
Рашэнне пра ўстанаўленне Міжнароднага дня музеяў прынялі на пасяджэнні Міжнароднага савета музея, і ўжо на наступны год яго адзначылі больш за 150 краін свету.
Паводле дырэктара Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея Алены Мядзелец, акцыя “Ноч музеяў” упершыню была праведзеная ў Берліне ў 1997 годзе, у Глыбокім праводзіцца з 2012:
– У нас было многа гасцей не толькі з нашага раёна, але і з суседняга. Мы хацелі, каб у музей прыходзілі людзі розных катэгорый, перш за ўсё, дзеці. Каб яны бачылі, што музей – гэта не проста экскурсіі і нежывыя прадметы, а свята. Вырашылі правесці таксама майстар-клас па стварэнні фігурак з шароў, што карысталася попытам. Я бачыла з якім задавальненнем дзеці выходзілі з музейнага падворка і неслі тое, што яны сумеснай працай стварылі тут у нас.
Падчас імпрэзы “Ноч музеяў” у Глыбокім адбылася тэатралізаваная пастаноўка Дзеркаўшчынскага цэнтра культуры “Сынок”. А галоўнай “фішкай” было тое, што музей на ноч ператварыўся ў казіно. Там можна было праверыць сябе на веды мясцовай гісторыі ды ўдачу.
Скончылася свята экскурсіяй па начным горадзе і праглядам дакументальнага кіно “Гэта ціхае жыццё ў Глыбокім”. Яно было знятае прафесійнымі кінематографамі ў 1985 годзе.
[Not a valid template]
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя
