Новая кніга “Чужы” ад Валянціна Дубатоўкі



У серыі “Кнігарня пісьменніка” выдавецтва “Кнігазбор” выйшла кніга гарадзенскага мецэната і старшыні абласнога аддзялення Саюза Беларускіх пісьменнікаў Валянціна Дубатоўкі. Збор прозы гарадзенца мае назву “Чужы” і ў цэнтры яго аповесць пра жыццё ў 1939-50-я ў Беларусі.

Пра адметнасць новай кнігі кажа Валянцін Дубатоўка:

– Яна для мяне вельмі значная. За свае 50 год колькі напісана, колькі ўсяго зроблена…  І па-сутнасці гэтай кніжкай я падводжу рысу свайго творчага жыцця. Канешне, гэтая кніга ў першую чаргу пра каханне. Пра каханне звычайнага заходнебеларускага хлопца да дзяўчыні. Каханне няўдалае, бо часы, калі жыў галоўны герой, гэта якраз самыя трагічныя часы сучаснай беларускай гісторыі.

Гэта кніга стала трэцяй кнігай Валянціна Дубатоўкі пасля кнігі даследаванняў і вершаў “Архіпелаг Сапегаў” і кнігі прозы “Чорная Воля”. Прэзентацыя кнігі “Чужы” адбудзецца ў Гародні ў сярэдзіне ліпеня.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня