Новы даведнік па гісторыі Гарадзенскай крэпасці



Гарадзенскія гісторыкі і краязнаўцы Зміцер Люцік і Аляксандр Семянчук выпусцілі ў свет новы даведнік па гісторыі збудавання, якое 100 гадоў таму павінна было бараніць Гародню. Гэтае збудаванне зараз завецца Гарадзенская крэпасць і яго пабудова ішла нават падчас вайсковых дзеянняў І Сусветнай вайны.

Пра даведнік распавядае гісторык Зміцер Люцік:

– Чалавек бярэ яго ў рукі, выязджае, ёсць каардынаты GPS – без праблем са смартфонам, на машыне, аўтобусе ці на ровары. Можна паехаць на любы з пяці гарадзенскіх фартоў.  Самыя цікавыя фарты Гарадзенскай крэпасці – першы, другі, чацвёрты, пяты. Усе яны ў прынцыпе знаходзяцца на паўднёвым захадзе ад Гародні. Пра іх мы больш за ўсё ведаем. Яны самыя прыгожыя, цікавыя.

Даведнік утрымлівае вялікую колькасць сучасных здымкаў, архіўнага матэрыялу, і будзе цікавы любому жыхару Гародні, які цікавіцца вайсковай гісторыяй. Прэзентацыя даведніка, які выйшаў накладам 700 асобнікаў,  адбудзецца цягам бліжэйшых двух тыдняў. 

 Беларускае Радыё Рацыя, Гародня