Новы Запавет па-заходнепалеску



Беларусы сабралі больш за 5500 рублёў на выданне перакладу Новага Запавета на заходнепалескі дыялект вёскі Сіманавічы Драгічынскага раёна Берасцейскай вобласці.

Пра гэта паведаміў на сваёй старонцы ў Faceebook музыка і фалькларыст Сяржук Доўгушаў. Першапачаткова пераклад зрабіў спачылы ўжо мовазнаўца, гісторык і адзін з выбітнейшых знаўцаў мовы і традыцыйнай культуры Берасцейшчыны ды Піншчыны Фёдар Клімчук:

Пераклад Новага Запавету на дыялект палескай вёскі Сіманавічы ‒ праца, якой Фёдар Клімчук займаўся цягам 15 год. Пераклад быў скончаны ў 1995-ым, аднак у кніжным варыянце, тыражом у 200 асобнікаў, пабачыла свет толькі першая частка ў 2010 годзе. Другая частка так і засталася ненадрукаванай. Цяпер, дзякуючы сабраным сродкам праз платформу Ulej, змогуць быць выдадзеныя яшчэ 500 асобнікаў Новага запавету.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце