Новыя музейныя пакоі і баль у палацы Друцкіх-Любецкіх



У Шчучыне ў абноўленым палацы Друцкіх-Любецкіх сёння правядуць старадаўні баль і адкрыюць новыя музейныя пакоі, паведаміла БЕЛТА намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Ганна Хвядзюк. Падчас раённага балю, які пройдзе ўжо другі раз, публіцы прэзентуюць тры новыя музейныя пакоі.

Пасля гэтага гасцям свята прапануюць перанесціся ў мінулае больш чым на 200 гадоў. Удзельнікі балю вывучаць танцы той эпохі разам з прафесійнымі танцорамі.

Нагода для балю – вяселле. 14 лютага 1807 году князь Францішак-Ксаверы Друцкі-Любецкі ажаніўся на графіні Марыі Сцыпіё дэль Кампа. Баль, як чакаюць у Шчучынскім райвыканкаме, стане яшчэ адной пастаяннай мясцовай традыцыяй.

Палац Друцкіх-Любецкіх узведзены ў Шчучыне ў XIX стагоддзі. Прататыпам палаца стаў вядомы Малы Трыянон ў Версалі. У савецкія часы ў палацы размяшчаўся Дом афіцэраў. У верасні 2015 гады палац адкрылі пасля рэстаўрацыі: у ім размясціўся цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, краязнаўчы музей, канферэнц-зала для дзелавых і культурных сустрэч.