Пабачыў свет першы нумар альманаха “KREVA INCOGNITA”



У менскай культурніцкай прасторы “Тартак” прэзентавалі першы нумар альманаха “KREVA INCOGNITA”.

Гаворыць Андрэй Шулаеў – старшыня праўлення фонду “Крэўскі замак”.

Мы хацелі ўжо некалькі гадоў зрабіць. Вось, нарэшце, у нас атрымалася зрабіць першы нумар. Мы спадзяёмся, што, можа, будзе штогод выходзіць, будуць тэматычныя нумары, прысвечаныя рознай спадчыне, бо Крэва – гэта вельмі розная спадчына: там ёсць і польскі культурны след, габрэйскі, расейскі, нямецкі, балцкі ў такім паўмістычным сэнсе, дахрысціянскім, і канешне ж беларускі культурны след. І вось мы плануем гэты альманах – пакуль што гэта самая першая наша спроба, але, мне падаецца, на досыць высокім узроўні ў нас гэта атрымалася.

Альманах асвятляе леташні археалагічны сезон. Даследчыкі Крэўскага замка збіраюць валанцёраў на яго раскопкі, якія пройдуць 4-18 ліпеня. Сувязь з арганізатарамі – праз сацыяльныя сеткі.

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота аўтара