Пад Менскам імкліва разбураецца сядзіба Хмараў



Сядзібна-паркавы комплекс Хмараў пачаў будавацца ў 1775 годзе. Доўгі час палац, які атрымаўся зграбным і шыкоўным, служыў рэзідэнцыяй шляхецкага роду.

Фота: planetabelarus.by

Фота: planetabelarus.by

 Акрамя галоўнага будынка італьянскі архітэктар Карла Сампані “змайстраваў” два сіметрычныя флігелі, аранжэрэю, браму, тэрасы і парк у французскім стылі. Аднойчы гаспадар Адам Хмара — менскі ваявода — нават прыняў у ім караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Бальная зала палаца.

Бальная зала палаца.

Багатыя інтэр’еры сядзібы здзіўлялі сваім густам і элегантнасцю. Ляпніна і пазалочаныя жырандолі, карціны і дарагая мэбля — на жаль, усю прыгажосць мы зараз можам убачыць толькі ўключыўшы фантазію. Да нашых дзён дайшоў толькі намёк на былую веліч.

Малюнак Напалеона Орды.

Малюнак Напалеона Орды.

У 1917 годзе комплекс нацыяналізавалі, разграбілі і праз нейкі час зрабілі там дзіцячы інтэрнат. Падзеі Другой Сусветнай нагнятаюць жах: кажуць, вораг арганізаваў канцлагер і праводзіў доследы над дзецьмі… Пасля вайны інтэрнат зноў запрацаваў і пашырыў плошчы. Апошнія гадоў пятнаццаць, а можа і больш, ён ужо не працуе.

Сёмкава — вёска за два крокі ад Менска. Да сядзібы можна пад’ехаць на аўтобусе або рэгулярнай маршрутцы. Зараз адносна добра захаваліся абодва флігелі, у запушчаным стане аказаўся парк (яго яшчэ можна выратаваць), а вось цэнтральная сядзіба разбураецца не па днях, а па гадзінах. У закінутым стане стаяць таксама адміністрацыйны корпус інтэрната, медсанчасць, іншыя пабудовы. Захаваліся дзве памятныя пліты: адна, 1804 года, у гонар бацькоў заснавальніка комплекса Адама Хмары, другая — у гонар партызанскай брыгады “Штурмавая”, якая выратавала дзяцей у 1944-м.

Якуб Колас з сынам каля сядзібы. Ён, як і Янка Купала, працаваў у Сёмкаве.

Якуб Колас з сынам каля сядзібы. Ён, як і Янка Купала, працаваў у Сёмкаве.

У пачатку гэтага дзесяцігоддзя за комплекс узяліся было сур’ёзна, былі знойдзеныя сродкі для кансервацыі руін і стварэння праекта рэканструкцыі. Энтузіясты арганізавалі невялікую экспазіцыю ў будынку медчасці, дзе выстаўляліся знойдзеныя пры добраўпарадкаванні комплексу артэфакты і макет маёнтка ўзору канца XVIII стагоддзя. Але фінансаў на ўсе задумкі не хапіла, і актыўныя работы былі спынены, ахова аб’ект пакінула. Як след, у 2016 годзе сядзібны комплекс перажыў жорсткую атаку вандалаў: як і амаль сто гадоў таму, выкрадзена і разбурана было ўсё, што толькі можна.

Раны гнаяцца і дагэтуль.

Фота з кнігі "Старыя сядзібы Мінскага краю" (2000)

Фота з кнігі „Старыя сядзібы Мінскага краю” (2000)

За парадкам у межах уласных магчымасцяў спрабуюць сачыць валанцёры. Яны не раз звярталіся да раённых і абласных уладаў з просьбамі як мінімум спыніць руйнаванне. У лістападзе 2019 года Мінскі аблвыканкам прадпісаў выканаць шэраг мерапрыемстваў, якія могуць дапамагчы захаваць гісторыка-культурную каштоўнасць.

На сцяне сядзібы бачны інвентарны надпіс “Усад. дом”. Падпісалі, мабыць, каб перыядычна правяраць, ці не скралі будынак. Правільна адзначылі ў сваім водгуку адны з наведвальнікаў: яго не скрадуць, ён рассыплецца сам.

Дзмітрый Суганяеў, zviazda.by

Відэа аўтара