Падарожжа па гістарычных мясцінах Баранавіччыны



Баранавіцкае Таварыства беларускай мовы арганізавала паездку па “залатым коле” Баранавіччыны. Наведалі гістарычныя мясціны ў Ішкальдзі, Паланэчцы, Бартніках, Вольна.

Сярод аматараў гісторыі ў паездцы прынялі ўдзел кандыдат гісторычных навук Анатоль Сідарэвіч, акадэмік архітэктуры Баляслаў Тумашчык і мясцовы краязнаўца Міхась Бернат, які стварыў у Русінах беларускі музей, усталяваў у Баранавіцкім раёне памятныя шыльды ў гонар знакамітых асобаў і падзеяў і аднавіў адзіны ў раёне ветраны млын.

Першым наведалі ўнікальную вёску Ішкальдзь, дзе захаваўся касцёл 1472 года ў беларускім гатычным стылі, кажа Міхась Бернат:

– Ішкальдзь – адно з самых старых мястэчак у Баранавіцкім раёне. Трэба было б аб’явіць Ішкальдзь культурна-гістарычнай спадчынай. Тут захаваліся планіроўка, архітэктура таго часу, дамы, якім па 200 гадоў.

Уразіў удзельнікаў паездкі турбінны млын у вёсцы Паланэчка. Унікальнае збудаванне, знішчанае старшынём калгаса “Чапаеў” Драздом. Ён загадаў зняць з млына ацынкаваную бляху. Збудаванне без даху прастаяла яшчэ да 1992 года, гаворыць Міхась Бернат:

– Калі браць падарожжа па тых руінах, якія пасля сябе пакідаюць „чырвоныя памешчыкі”, то вы можаце ўбачыць якраз на прыкладзе Паланэчкі. Унікальны помнік архітэктуры – гэта турбінны млын. Ён быў пабудаваны ў часы Мацея Радзівіла.

Закончылася падарожжа ў вёсцы Задвея. Тут нарадзіўся старшыня Рады БНР Іван Серада. Знайшлі  месца былой царквы, дзе служыў святаром бацька Івана. Там плануецца  ўсталяваць памятны знак.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя