Паэт з Карэлічаў, якому шчасце дае Айчына



У Слонімскай друкарні выйшла ў свет новая кніга паэзіі і прозы настаўніка-пенсіянера Івана Вярбіцкага з раённага горада Карэлічы, што на Гарадзеншчыне. Сваю чарговую кнігу аўтар назваў “Імкненне”. Яна адрасавана юным чытачам малодшага і старэйшага школьных узростаў.

У новую кнігу Іван Вярбіцкі ўключыў вершы, казкі, апавяданні, якія ён напісаў у апошія два гады. Чытачы ў кнізе сустрэнуцца з князем Узяславам, з Рагнедай і Рагвалодам, прачытаюць радкі пра Свіцязь і свіцязянак, пра Нёман і пра Наваградчыну. Вельмі цікава ў кнізе чытаюцца казкі пра казу-дзеразу, козліка-скакуна, ваўка-валацугу, зая-беляка і пра вавёрку.

Але скразной лініяй новай кнігі пісьменніка з Карэлічаў праходзяць творы, прысвечаныя Айчыне:

Шчасце мне дае Айчына,

Я Айчыны не пакіну.

vjarbicki ivan

Дарэчы, Іван Вярбіцкі шмат зрабіў для свайго Карэліцкага раёна. Усё жыццё ён аддаў педагогіцы. У 1955 годзе ён скончыў Наваградскае педвучылішча, а ў 1962 — гістарычнае аддзяленне Белдзяржуніверсітэта. Працаваў на розных пасадах: настаўнікам пачатковых класаў, завучам і дырэктарам школы, настаўнікам гісторыі, старшынёй райкама прафсаюза работнікаў асветы Карэліцкага раёна і метадыстам. Адначасова займаўся і займаецца літаратурай і краязнаўствам.

Вершы пачаў пісаць у 1946 годзе, калі вучыўся ў пятым класе. А першы верш быў надрукаваны ў Навагрудскай газеце “Новае жыццё” 5 снежня 1948 года. Пазней яны сталі друкавацца ў рэспубліканскіх выданнях. Убачылі свет і зборнікі вершаў Івана Вярбіцкага “Водар чаромхі” (1998) і “Ступені жыцця” (2001). Піша і выдае пісьменнік і гісторык асобныя выданні пра гаспадаркі, прадпрыемствы і арганізацыі Карэліцкага раёна. У 2003 годзе выйшла кніга “Луцкі мерыдыян” (пра СВК “Лукі-Агра”), у 2004 — дзве кнігі: “Ручнічком дарожка” (пра ААТ “Карэлічы-Лён”) і “Гарызонты “Маяк-Заполля” (пра СВК “Маяк-Заполле”), у 2005  — “Шырокае поле здзяйснення” (пра племзавод “Карэлічы”), у 2006 — “У сэрцы з клятвай Гіпакрата” (пра Карэліцкую раённую бальніцу), а ў 2009 годзе з друку выйшла яго кніга “Край Карэліцкі мой”. А кнігу “Ад мінуўшчыны  — дарогай…” Іван Вярбіцкі прысвяціў гісторыі Карэлічаў.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Карэлічы.