Паэтка піша патрыятычныя вершы



Жыве ў Воршы беларуская паэтка Эмілія Ліцвіновіч (Яўгенія Казлова). Жанчына шмат гадоў піша вершы, выдае кнігі, перамагае ў літаратурных конкурсах. У паэзіі аршанскай паэткі адчуваецца багаты духоўны ўнутраны свет, яе паэтычнае крэда, своеасаблівы погляд на жыццё, на чалавечыя ўзаемаадносіны. Усё гэта выліваецца ў гістарычныя і патрыятычныя вершы Эміліі Ліцвіновіч. Такіх вершаў вельмі шмат і ў новым паэтычным зборніку аўтаркі “Вечна я з краем сваім”, які нядаўна пабачыў свет у менскім выдавецтве “Кнігазбор”.

Гэта вершы, прысвечаныя БНР, Францішку Багушэвічу, Зянону Пазьняку, Уладзіміру Караткевічу, а таксама бел-чырвона-беламу сцягу, гербу “Пагоня”, 25 Сакавіку, Беларусі, роднай мове. Радкі пра гістарычны бел-чырвона-белы сцяг гучаць так:

Такога сцяга больш няма –

Ён самы найчысцейшы.

Ён проста чысціня сама,

Для нас ён найсвяцейшы.

Як Божы дар, Хрыстова кроў,

Яго лунае цела,

Лунае ён над намі зноў

Рашуча, горда, смела…

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя