Паэтка са Смаргоні адзначае юбілей



Можна словамі ўлагодзіць,

Прыпыніць ці натхніць на подзвіг.

Як шкада, што сэнс слоў не даходзіць

Да таго, хто ўвесь час карагодзіць…

Гэтыя радкі напісала паэтка Ала Клемянок, якая 6 кастрычніка адзначае 60-гадовы юбілей.

Жыве Ала ў Смаргоні, хаця нарадзілася і вырасла ў Маладзечне. Пасля сканчэння сярэдняй школы вучылася ў БДУ на факультэце журналістыкі. Працавала на радыёзаводзе «Спадарожнік», у дзіцячай бібліятэцы, карэспандэнтам шматтыражнай газеты «Приборостроитель» ЗСПВ, рэдактарам газеты Маладзечанскага гарсавета «Наш дзень» і г.д.

Вершы змяшчаліся ў часопісах «Маладосць», «Полымя», «Куфэрак Віленшчыны», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», альманахах і калектыўных сборніках паэзіі. Выдала чатыры кніжкі вершаў: «Яны не ведалі мяне» (Маладзечна, 1999), «Бывай, Альба Рутэнія» (Гародня, 2007), «Рэфлексіі» (Гародня, 2010), «Не пускайце ў сэрца адзіноту» (Менск, 2013). Лаўрэатка літаратурнай прэміі імя Цёткі.

Ала Клемянок любіць падарожнічаць. Вандроўкі па слынных мясцінах і маляўнічых кутках Беларусі служаць крыніцай для натхнення. Вершы, напісаныя пад уздзеяннем атрыманых у вандроўках эмоцый, папаўняюць агульную скарбонку нашых культурных набыткаў.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя