Паэтка з Баранавіч адзначыла юбілей і прэзентавала дзве свае кнігі



У сярэдняй школе № 4 горада Баранавічы адбылася літаратурна-музычная вечарына настаўніцы роднай мовы і літаратуры, паэткі Таццяны Яцук. Вечарына была прымеркавана да яе юбілею, у час якога прэзентаваліся дзве кнігі юбіляркі “Валошкавыя сны” і “Маладосць на выданні”.

Вечарыну Таццяны Яцук адкрыла сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Раіса Раманчук, якая адзначыла талент паэткі: “Паэзія Таццяны Яцук – гэта жывая, крынічная, мудрая размова вопытнага, прачулага мастака слова, творцы яркага, таленавітага і самабытнага”.

З юбілеем Таццяну Яцук віншавалі калегі па працы, сябры, сваякі. Шчырыя словы пра творчасць паэткі сказалі баранавіцкія паэты Аляксей Белы і Алесь Корнеў, пісьменнік са Слоніма Сяргей Чыгрын. Аляксей Белы адзначыў, што Таццяна Яцук выпусціла ўжо тры кнігі і падрыхтавала ўсе дакументы на ўступленне ў Саюз беларускіх пісьменнікаў. Сяргей Чыгрын распавёў пра раннюю творчасць паэткі – ад першых школьных вершаў да студэнціх паэтычных радкоў. Дарэчы, кніга “Маладосць на выданні” Таццяны Яцук  прысвечана студэнцкаму жыццю ў Белдзяржуніверсітэце. Кнігу склалі лірычныя і шчырыя вершы са студэнцкага сшытка і ўспаміны пра цікавыя і кур’ёзныя выпадкі студэнцкага жыцця. Мясцовыя спевакі і кампазітары выканалі шэраг песень на словы Таццяны Яцук, а вучні школы цудоўна чыталі яе паэтычныя творы з новага зборніка “Валошкавыя сны”:

Ратуеш сваёй чысцінёй ад бед

І для сяброў на шчасцейка варожыш…

Калі жыве ў сэрцы цэлы свет,

Не можа быць жанчына непрыгожай.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Баранавічы

Фота аўтара