Паэту Алесю Каско споўнілася б 70



10 снежня паэту Алесю Каско (1951-2017) споўнілася б 70 гадоў з дня нараджэння. Ён нарадзіўся ў 1951 годзе ў вёсцы Чудзін Ганцавіцкага раёна ў шматдзетнай сям’і. Бацька, Канстанцін Рыгоравіч, лічыўся сярод вяскоўцаў майстрам на ўсе рукі. Маці, Ксенія Васільеўна, працавала ў мясцовым калгасе трактарысткай. У старэйшых класах мясцовай сярэдняй школы, куды Алесь пайшоў у 1958 годзе, яму пашанцавала быць вучнем паэта Міколы Купрэева, які працаваў настаўнікам літаратуры і ўжо тады быў вядомым паэтам. Першы верш Алесь Каско напісаў у шостым класе, а будучы вучнем выпускнога класа, надрукаваў свой верш “Пралескі” ў ганцавіцкай раённай газеце “Савецкае Палессе”.

Пасля заканчэння Чудзінскай дзесяцігодкі ў 1968 годзе Алесь Каско паступіў на філалагічны факультэт Берасцейскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры, дзе ў гэты час вучыліся Мікола Пракаповіч, Алесь Разанаў, Васіль Жуковіч, Алесь Зайка. У Берасце малады паэт далучыўся да літаратурнага жыцця: пасябраваў са студэнтамі-паэтамі, рэгулярна наведваў пасяджэнні інстытуцкага літаратурнага гуртка і абласнога літаб’яднання, змяшчаў свае вершы ў абласной газеце “Заря”, потым у рэспубліканскай “Чырвонай змене”. У гады вучобы лёс звёў яго з выдатным педагогам, вядомым пісьменнікам, прафесарам, загадчыкам кафедры беларускай літаратуры Уладзімірам Калеснікам. Ён аказаў моцны ўплыў на маладога паэта, дапамог яму развіць творчыя здольнасці.

У пачатку 1971 года Алесь Каско перапыніў вучобу ў інстытуце і стаў працаваць настаўнікам: спачатку ў Рагазнянскай васьмігадовай школе Берасцейскага раёна, а потым у Чудзінскай сярэдняй школе Ганцавіцкага раёна. Адсюль увосень 1971 года быў прызваны ў Савецкую Армію. Пасля службы зноў настаўнічаў у роднай вёсцы і вучыўся на завочным аддзяленні педінстытута, дзе аднавіў вучобу ў 1973 годзе. У 1974 годзе перавёўся на стацыянар і ў гэтым жа годзе быў накіраваны на Рэспубліканскі семінар маладых літаратараў у Каралішчавічы.

Пасля заканчэння інстытута ў 1976 годзе з сям’ёй прыехаў у Жабінку. Да 1984 года працаваў карэспандэнтам раённай газеты “Сельская праўда”, з’яўляўся спачатку сакратаром, а пасля старшынёю раённага літаб’яднання “Плынь”. Затым (1984-1991) перайшоў рэдактарам на Берасцейскую абласную студыю тэлебачання ў праграму літаратурна-драматычных перадач з Міколам Пракаповічам. У тым жа 1984 годзе Алесь Каско стаў сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў, а з 1991 года ўзначальваў Берасцейскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў.

Вынікам плённай працы на паэтычнай ніве з’явіліся кнігі вершаў Алеся Каско: “Вестка” (у калектыўным зборніку “Нашчадкі” (1979), “Свой камень” (у калектыўным зборніку “Трохперсце” (2008), зборнікі “Скразная лінія” (1982), “Набліжэнне” (1989), “Час прысутнасці” (1994), “45” (1996), “Трохкроп’е” (2001), “Нічога больш” (2011), “Прыадхінуты небасхіл” (2012), “Межавыя знакі” (2014) і іншыя.

Не забываў паэт і пра юных чытачоў. У 2001 годзе запісаў казкі землякоў-чудзінцаў і выдаў іх у зборніку народных казак “Чыстага ўсё нячыстае баіцца”, у 2004 годзе выйшла кніжка вершаў і казак “Два сонцы”.

Алесь Каско выступаў у друку як празаік, эсэіст, займаўся рэдактарскай працай. Ім адрэдагаваны кнігі пісьменнікаў Берасцейшчыны: Леаніда Філатава, Івана Арабейкі, Расціслава Бензярука, Алеся Паплаўскага, Івана Лагвіновіча. Пісьменнік шмат увагі надаваў перакладам на беларускую мову рускіх, украінскіх, польскіх, нямецкіх, македонскіх паэтаў. Ягоныя вершы перакладаліся на рускую, украінскую, польскую, балгарскую, літоўскую мовы.

Алесь Разанаў, Мікола Пракаповіч і Алесь Каско.

Шматгранная творчасць паэта адзначана літаратурнымі прэміямі імя Аркадзя Куляшова (1995) за кнігу паэзіі “Час прысутнасці”, імя Уладзіміра Калесніка (2008) за зборнік вершаў паэтаў Берасцейшчыны “Трохперсце” (Алесь Каско, Мікола Пракаповіч, Міхась Рудкоўскі). Ён таксама быў лаўрэатам прэміі “Берасцейская зорка-2002” у намінацыі “Літаратура”, лаўрэатам міжнароднай прэміі імя Ганны Краснапёркі (2005), першым атрымаў уведзеную на Берасцейшчыне, заснаваную паэтам-пчаляром Міколай Папекам незвычайную літаратурную “Мядовую прэмію” (2001) – пуд мёду.

Талент пісьменніка не застаўся незаўважаны: яго прозвішча, як і прозвішчы іншых таленавітых пісьменнікаў Ганцаўшчыны, увекавечана на адным з скульптурных завіткоў, усталяваных у цэнтры горада на Алеі паэтаў.

Беларускае Радыё Рацыя