Паэту “Музыкі вятроў” – 60



1 студзеня выдатнаму паэту, публіцысту, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў, грамадскаму актывісту са Свіслачы Анатолю Валюку спаўняецца 60 гадоў з дня нараджэння.

Анатоль Валюк нарадзіўся ў вёсцы Вішнеўка на Зэльвеншчыне. Пасля заканчэння Пасуціцкай сярэдняй школы, вучыўся ў Бабруйскім мастацкім вучылішчы і на філалагічным факультэце Гарадзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Пасля службы ў войску, вярнуўся на радзіму і працаваў на Ваўкавыскім заводзе ліцейнага абсталявання, у МПМК-66, настаўнічаў на Зэльвеншчыне і Свіслаччыне, быў журналістам Свіслацкай раённай газеты. Выбіраўся дэпутатам райсавета. А напачатку 2000-х гадоў з-за сваёй грамадскай дзейнасці страціў працу ў школе. Таму часова працаваў на будоўлях Масквы…

Анатоль Валюк (стаіць у цэнтры) сярод сяброў Саюзу беларускіх пісьменнікаў

Яшчэ са школьных гадоў пачаў пісаць вершы. Друкаваўся ў раённых, абласных і рэспубліканскіх выданнях, а таксама ў зборніках “Маладыя галасы”, “Зоры над Зальвянкай”, “Новы замак” і ў іншых. У 2008 годзе сябрамі быў выдадзены яго зборнік вершаў і перакладаў “Музыка вятроў”.

У вершы “Інсургенты” паэт Анатоль Валюк аднойчы напісаў:

Не, мы не разбіты, мы шаблі, пістолі,

Яшчэ не паклалі ў апошнім баі.

Заўжды нагатову стаяць нашы коні,

Хапае запалу ў гарачай крыві.

Гарачага запалу ў крыві, здароўя, творчага натхнення мы жадаем і надалей табе, спадар Анатоль! З юбілеем!

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя