Паэтычная вечарына “Вялікае Княства Паэзіі” ў Вільні



Заўтра, 12-га лютага, у 17 гадзін у Літоўскім Доме пісьменніка ў Вільні распачнецца маштабная паэтычная вечарына “Вялікае Княства Паэзіі” з удзелам беларускіх, літоўскіх, шведскіх і нарвежскіх літаратараў.

Размаўляем з адным з удзельнікаў заўтрашняга мерапрыемства – Андрэем Сцепанюком – беларускім паэтам з Падляшша:

Не хаваю, што запрашэнне было вялікай неспадзяванкай. Усе мы разумеем, чаму гэтае мерапрыемства адбываецца ў Вільні, а не адбываецца, напрыклад, у Менску. Бо прыкладна ў гэты час у лютым заўсёды адбываўся паэтычны фестываль імя Міхася Стральцова “Вершы на асфальце”. Сапраўды, калі паглядзець на тых, хто будзе выступаць, то можна сказаць, што гэта зоркі беларускай паэзіі. Таму я з даволі вялікім хваляваннем стараўся падрыхтавацца да гэтай сустрэчы. Хачу чытаць новыя вершы, якія нідзе не былі апублікаваныя, і чакаю на рэакцыю тых вядомых асобаў, якія будуць выступаць, і слухачоў.

РР: У Вільню прыедуць Валянціна Аксак, Уладзімір Арлоў, Андрэй Антонаў, Альгерд Бахарэвіч, Крысціна Бандурына, Алег Мінкін, Андрэй Хадановіч ды іншыя. Будзе анансаваная анталогія беларускай паэзіі пад рэдакцыяй Маруса Бурокаса і Вітаса Дэкшніса.  Што вядома пра гэта?

Андрэй Сцепанюк: Я еду ў крыху невядомае, але ведаю, што ў Вільні будзе таксама Барыс Пятровіч – старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў. Саюз ліквідаваны, але ён для мяне надалей існуе, і я, як яго ганаровы чалец, надалей сябе адчуваю сябрам гэтага саюза. Для мяне вялікая радасць, што я маю магчымасць узяць удзел у такім мерапрыемстве. Чакаю, што ўдасца здабыць і прывезці новыя кніжкі на Беласточчыну. Усе мы ведаем, як цяжка нам цяпер здабываць кніжкі на беларускай мове.

Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:

Гутарыў Міхал Андрасюк, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]