Пайшоў з жыцця Аўгуст Мілаванаў



„Пайшоў з жыцця наш калега, сябар, натхняльнік, выкладчык і неверагодна таленавіты артыст Аўгуст Лазаравіч Мілаванаў”, – гаворыцца ў паведамленні тэатра.

Аўгуст Мілаванаў нарадзіўся ў 1937 годзе ў Сталінградзе. У 1961-м скончыў акцёрскі факультэт Тэатральна-мастацкага інстытута па спецыяльнасці „Акцёр драматычнага тэатра і кіно”. Затым працаваў у Беларускім тэатры імя Якуба Коласа ў Віцебску. Праз год пераехаў у Менск (1962 год). З таго часу Аўгуст Лазарэвіч стаў адным з вядучых артыстаў у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы.

Творчай манеры Мілаванава былі ўласцівы псіхалагічная дакладнасць характараў, выразнасць ролі, тонкае адчуванне стылю і жанравай прыроды твора. На купалаўскай сцэне артыст стварыў незабыўныя вобразы ў пастаноўках айчынных і замежных драматургаў. Сярод іх – Цяўе-малочнік ў „Памінальнай малітве” Рыгора Горына, Восіп ў гогалеўскім „Рэвізоры”, Гаспадар у „Святой прастаце” Андрэя Макаёнка і многія іншыя. Гэтыя сцэнічныя героі ў выкананні Аўгуста Мілаванава ўжо сталі хрэстаматыйнымі, яркай старонкай у гісторыі Купалаўскага тэатра. На творчым рахунку ў артыста некалькі дзясяткаў выдатных роляў, у тым ліку ў аншлагавых і вельмі папулярных пастаноўках з рэпертуару тэатра „Памiнальная малiтва”, „Ромул Вялікі”.

Акрамя працы ў тэатры, Аўгуст Мілаванаў шмат здымаўся ў кіно, на тэлебачанні, займаўся рэжысёрскай практыкай у аматарскіх тэатрах. 

З 1967 па 1987 год Аўгуст Мілаванаў выкладаў акцёрскае майстэрства ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце (зараз Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). У 1988 годзе яму была прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі. У 1989 годзе прысвоена званне народнага артыста Беларусі.

zviazda.by

[manual_related_posts]